Экспэрты прапанавалі зьмены ў сацыяльнай палітыцы ў новай Беларусі. Распавядаем пра тры зь іх

Удзельнік дыскусіі, акадэмічны дырэктар BEROC, суаўтар канцэпцыі пэнсійнай рэформы для Беларусі Леў Львоўскі. Архіўнае фота

Беларусы цяпер перажываюць пэрыяд недастатковай сацыяльнай абароненасьці, пагадзіліся ўдзельнікі слуханьняў «Ад падтрымкі сёньня — да моцнай Беларусі заўтра: сацыяльная палітыка Новай Беларусі» і прапанавалі ня толькі праекты рэформаў, але і тэрміновыя захады па зьмене крызіснага становішча.

Падчас онлайн-дыскусіі, якую правёў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, экспэрты абмеркавалі сацыяльную палітыку ў Беларусі пасьля будучых дэмакратычных пераменаў у краіне. Дэтальна абмеркавалі мэты і прынцыпы рэфармаваньня сыстэмы аховы здароўя, сацыяльнай дапамогі і пэнсійнай сыстэмы ў новай Беларусі, а таксама рызыкі, якія давядзецца пераадольваць падчас гэтай працы.

Каардынатарка Народнага консульства Беларусі ў Шатляндыі Ірына Маклейн вызначае балючую праблему — усё больш беларусаў страчваюць хуткі і зручны доступ да мэдычнай дапамогі, губляюць давер да дзяржаўнай мэдыцыны. Гэта адбываецца ў тым ліку таму, што праз рэпрэсіі ды нізкія заробкі беларускія мэдыкі часьцей аказваюцца за мяжой. У выніку лекараў не хапае, а напрацаваныя гадамі сувязі ў грамадзтве страчваюцца. Як іх аднавіць?

Мэдычная дапамога беларусам з уразьлівых групаў

Экспэрта Ірына Маклейн прывяла прыклад узаемнай падтрымкі сярод беларусаў — праект «Раёнка», які падрыхтаваў Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі.

Ірына Маклейн, архіўнае фота

Гэта лічбавая плятформа, якая забясьпечвае людзям у Беларусі бясплатныя і ананімныя анлайн-кансультацыі беларускіх лекараў, якія пражываюць за мяжой.

Плятформа арыентавана перадусім на людзей, якія сутыкаюцца з сурʼёзнымі перашкодамі ў доступе да кваліфікаванай мэдыцынскай дапамогі, у тым ліку на жыхароў малых гарадоў і сельскай мясцовасьці, людзей з абмежаванымі фінансавымі магчымасьцямі, бацькоў-адзіночак, людзей з інваліднасьцю, асоб, якія сутыкнуліся з гвалтам і рэпрэсіямі, ды іншыя ўразьлівыя групы.

У пэнсійнай рэформе спалучыць беларускі досьвед з эўрапейскімі мадэлямі

Другая важная тэма — рэформа пэнсійнай сыстэмы. Цяпер 26% насельніцтва Беларусі складаюць пэнсіянэры. Акадэмічны дырэктар BEROC, суаўтар канцэпцыі пэнсійнай рэформы для Беларусі Леў Львоўскі адзначае, што Беларусь цяпер зьяўляецца адным з лідараў па тэмпах зьніжэньня нараджальнасьці, што ўскладняе сытуацыю з пэнсіямі і стварае рызыку большай беднасьці сярод пэнсіянэраў. Акрамя таго, цяперашняя сыстэма ў Беларусі характарызуецца значным гендарным дысбалянсам: пэнсійны ўзрост для жанчын складае 58 гадоў пры сярэдняй працягласьці жыцьця 79 гадоў, тады як для мужчын — 63 гады пры сярэдняй працягласьці жыцьця 69 гадоў. Паводле Льва Львоўскага, нават пры пераходзе да дэмакратыі Беларусь усё яшчэ можа стаць няздатнай дзяржавай (failed state). Існуе рызыка таго, што краіна апынецца ў сытуацыі, калі палову насельніцтва будуць складаць пэнсіянэры, і чакаць далей нельга. Рэформы неабходна пачынаць як мага хутчэй і скарыстацца лепшым эўрапейскім досьведам, мяркуе экспэрт.

Праект дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, як у Швэцыі

Сыстэма сацыяльнай абароны грамадзянаў у новай Беларусі таксама запатрабуе істотных зьменаў. Экспэртка са Швэцыі Лана Вілебранд, кіраўніца напрамку якасьці і разьвіцьця праграм у арганізацыі Union to Union, падзялілася прыкладамі з краін Паўночнай Эўропы, у тым ліку распавяла пра падыходы да сацыяльнай абароны і палітыкі дабрабыту, якія патэнцыйна можна адаптаваць да беларускіх рэалій.

Лана Вілебранд, архіўнае фота

Экспэртка прапанавала беларусам узяць за ўзор паўночнаэўрапейскую мадэль пабудовы сыстэмы сацыяльнай абароны грамадзянаў.

У гэтай мадэлі дзейнічаюць законы, якія забясьпечваць большую ролю дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, якое пакрывае страту даходу, хваробу, адпачынак па доглядзе за дзіцем, пэнсіі і, у некаторых выпадках, дапамогу па беспрацоўі.

Прадстаўніца швэдзкіх прафсаюзаў Лана Вілебранд адзначыла высокую арганізаванасьць беларускіх дэмакратычных сіл у выгнаньні, якія, на яе думку, будуць здольныя правесьці неабходныя рэформы сыстэмы сацыяльнай дапамогі.


«Працоўная палітыка не павінна фармавацца без удзелу ўсіх бакоў, як працоўных, гэтак і працадаўцаў у сацыяльным дыялёгу», — параіла беларусам Лана Вілебранд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экспэрты зь беларускай эміграцыі прапануюць зьмены ў Кодэкс аб ахове здароўя: аборты, выбар паліклінікі, права на страйк