Сярод вызваленых — былы сьледчы Яўген Юшкевіч. Што пра яго вядома

Яўген Юшкевіч, архіўнае фота

На фотаздымку, які апублікаваў пасьланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл, відаць, што сярод вызваленых 16 верасьня палітвязьняў — былы сьледчы Яўген Юшкевіч. Некалі ён кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць незаконныя загады. Што яшчэ пра яго вядома?

Яўген Юшкевіч родам з Магілёва, скончыў юрфак БДУ, два гады працаваў няштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК у Менску. У 2017 годзе пакінуў пасаду.

Пасьля звальненьня перайшоў у ІТ-сфэру, стаў сузаснавальнікам плятформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур прайсьці перакваліфікацыю. Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, супярэчныя асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.

Пасьля выбараў жніўня 2020 году Юшкевіч ня раз заяўляў, што заўважаў за сабой сачэньне з боку сілавікоў, у сваіх сацсетках былы сьледчы апісваў спробы правакацыяў.

Яўгена Юшкевіча затрымалі 24 лістапада 2020 году ў Менску, у кватэры прайшоў вобшук. У сьнежні 2022 году яго асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы па 6 артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • за актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342);
  • масавыя беспарадкі (ч. 1 арт. 293);
  • абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368);
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369);
  • распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130);
  • гвалт або пагроза яго ўжываньня ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364).

Працэс праходзіў у Менскім гарадзкім судзе і першапачаткова быў адкрыты, але амаль адразу судзьдзя Алена Ананіч яго закрыла.

Праваабаронцы прызналі Яўгена Юшкевіча палітвязьнем.

7 красавіка 2023 году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла Яўгена Юшкевіча ў пералік «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Тое, што робім, — правільна». Былы сьледчы Яўген Юшкевіч даў інтэрвію зь СІЗА