Амбасада Італіі ў Менску прыпыніла прыём заявак на візу

Ілюстрацыйнае фота

Гэта адбылося на тле навіны пра тое, што аўтар дывэрсіі ў Ляйпцыгу атрымаў італьянскую візу менавіта ў Беларусі.

Кампанія-візавы пасярэднік VFS Belarus і Пасольства Італіі ў Беларусі часова спынілі рэгістрацыю новых заяўнікаў у сьпіс чаканьня на падачу дакумэнтаў на італьянскую візу. Інфармацыю пра гэта апублікавалі15 верасьня 2026 году на сайце візавага цэнтру.

Мера дзейнічае да далейшага апавяшчэньня. Месца ўжо зарэгістраваных заяўнікаў у чарзе пры гэтым захоўваецца.

«Афіцыйная прычына: меру ўвялі ў чаканьні далейшых указаньняў ад Пасольства Італіі», паведамілі ў VFS Belarus. Пра падзеі ў Ляйпцыгу і абяцаньні італьянскага ўраду расьсьледаваць атрыманьне візы ў Менску ў фірме нічога не паведамілі.

Што адбылося

Інцыдэнт адбыўся 4 жніўня ў аэрапорце Ляйпцыг-Гале, які зьяўляецца ключавым у перавозцы вайсковай прадукцыі і базай для ўкраінскай «Авіякампаніі Антонаў». Самалёт, каля якога знайшлі дрон, не пацярпеў.

Здарэньне парушыла расклад рэйсаў. Нямецкія ўлады заявілі, што гэта частка доўгатэрміновай кампаніі дэстабілізацыі Эўропы.

Міністар замежных спраў краіны Антоніё Таяні пасьля інфармацыі нямецкіх уладаў пра італьянскую візу, атрыманую дывэрсантам у Менску, паабяцаў разабрацца.

«Будзе расьсьледаваньне. Аднак усё гэта пацьвярджае, што краіны... спрабуюць чыніць захады супраць ЭЗ, нават выкарыстоўваючы людзей, раней ня суджаных і не пад падазрэньнем. Менавіта таму, калі я кажу, што мы мусім заставацца напагатове, я кажу гэта паважна, бо ведаю, якія мэтады яны выкарыстоўваюць. Я ведаю, якія інструмэнты гэтыя краіны ўжывалі заўсёды, нават у мінулым, і таму мы павінны надалей быць пільнымі», — цытаваў яго Euractiv.

Пры гэтым пра вынікі расьсьледаваньня, якое абяцаў Таяні, нічога не вядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Нямеччыне назвалі імя беларуса, якога падазраюць ва ўдзеле ў дывэрсіі ў Ляйпцыгу супраць украінскага самалёту