15 верасьня Анджэй Пачобут бясьпечна вярнуўся зь Беларусі ў Польшчу, дзе яго прынялі пасьля вызваленьня зь беларускай турмы. Пра гэта паведаміла польская Gazeta Wyborcza.
Сам Пачобут напісаў пра сваё вяртаньне ў Польшчу ў сацсетках і апублікаваў відэа пераходу мяжы.
Тыднёвы візыт Анджэя Пачобута, які прыехаў у Беларусь у мінулы аўторак, 8 верасьня, прайшоў гладка. Пра гэта кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс, якая суправаджала яго, паведаміла Польскаму агенцтву друку PAP.
Пачобут пабачыўся са сваёй сям'ёй, у тым ліку з бацькам, а таксама з сябрамі і былымі палітвязьнямі, сярод якіх быў доктар Андрэй Любецкі, зь якім яны сядзелі ў суседніх камэрах у Жодзінскім СІЗА. Таксама ён сустрэўся з актывістамі СПБ, які быў забаронены ўладамі, і «пажылымі жанчынамі, якія насілі яму пасылкі, калі ён быў у турме».
«Яны абдымалі яго і плакалі», – распавяла Борыс.
Яна дадала, што для актывістаў сустрэча была «надзвычай важнай для маральнага духу арганізацыі» і кранальнай «у чалавечым сэнсе». А Анджэя паўсюль прымалі «як суайчыньніка і героя».
8 верасьня Анджэй Пачобут, якога вывезьлі ў Польшчу, прайшоў польска-беларускую мяжу і вярнуўся ў Беларусь. Меркавалася, што яго паездка працягнецца тыдзень.
Хто такі Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут — горадзенскі журналіст, карэспандэнт польскай Gazeta Wyborcza і актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году, а ў лютым 2023 году засудзілі на восем гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем, а польскія ўлады дамагаліся яго вызваленьня.
Яшчэ ў 2021 годзе Пачобут адмовіўся ад прапановы выйсьці на волю ўзамен на выезд зь Беларусі. 28 красавіка 2026 году, пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.
Адразу пасьля вызваленьня Пачобут заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь. Пазьней ён неаднаразова пацьвярджаў гэтае рашэньне, тлумачачы, што ягоны дом у Горадні, а больш за 20 гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў дзейнасьці Саюзу палякаў у Беларусі. У канцы жніўня Пачобут казаў, што плянуе вярнуцца ў верасьні, перад зьездам палякаў у Беларусі, прызначаным на 13 верасьня.
У пачатку верасьня стала вядома, што зьезд адклалі на пазьнейшы тэрмін, аднак Пачобут заявіў, што гэта не мяняе ягоных плянаў вярнуцца ў Беларусь.