Дата дня
16 верасьня 1999 году зьніклі бязь вестак беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.
У 2019 годзе нямецкае выданьне DW апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У верасьні 2023 году суд у Швайцарыі апраўдаў Гараўскага ў справе аб выкраданьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Тлумачачы прысуд, судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя зьнікненьні». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумневаў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасьцях і ўхіляўся ад адказу», — растлумачыў сваё рашэньне судзьдзя. Прысуд быў абскарджаны — апэляцыю разгледзяць 22 верасьня 2026 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што вядома пра гвалтоўныя зьнікненьні апанэнтаў ЛукашэнкіГэты дзень у гісторыі
1810 — у мястэчку Далёрэс сьвятар Мігель Ідальга заклікаў да паўстаньня супраць гішпанскага панаваньня. Так пачалася 11-гадовая вайна за незалежнасьць Мэксыкі. Цяпер 16 верасьня ў Мэксыцы — галоўнае дзяржаўнае сьвята.
1908 — заснаваная амэрыканская кампанія General Motors, якая была найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў у сьвеце да 2007 году, калі гэты тытул забрала ў яе японская Toyota.
1963 — узьнікла фэдэратыўная дзяржава Малайзія.
1982 — лібанскія хрысьціянскія фалянгісты ўчынілі разьню ў лягерах палестынскіх уцекачоў Сабра і Шатыла ў Заходнім Бэйруце, якая працягвалася тры дні. Паводле розных ацэнак, загінулі ад 700 да 3500 чалавек.
1995 — упершыню адзначаўся Міжнародны дзень аховы азонавага слою, абвешчаны Генэральнай асамблеяй ААН.
2020 — Паўла Латушку і Ігара Ляшчэню пазбавілі дыпляматычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла «ў сувязі з учынкамі, якія няславяць дзяржаўную (дыпляматычную) службу».
У гэты дзень нарадзіліся
1859 — Браніслаў Эпімах-Шыпіла, мовазнаўца, літаратуразнаўца, фальклярыст і выдавец, якога называюць патрыярхам беларускага Адраджэньня.
Браніслаў Эпімах-Шыпіла
1891 — Антон Баліцкі, палітычны і дзяржаўны дзяяч, народны камісар асьветы ў 1926–29 гадах, адзін з архітэктараў палітыкі беларусізацыі ў БССР, ахвяра сталінізму.
1931 — Пётар Лысенка, археоляг.
1937 — Барыс Луцэнка, тэатральны рэжысэр.
Барыс Луцэнка, партрэт работы Аляксея Кузьміча
1937 — Аляксандар Мядзьведзь, дужаньнік вольнага стылю, трохразовы алімпійскі чэмпіён.
1938 — Віктар Дашук, кінарэжысэр-дакумэнталіст, народны артыст Беларусі.
Віктар Дашук
1946 — Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт і публіцыст
Паэт Сяргей Законьнікаў
У памяці
1744 — Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
1938 — Іосіф Мацюкевіч, мовазнавец. Ахвяра сталінізму. Расстраляны.
1940 — Сяргей Паўловіч, асьветнік, багаслоў, пэдагог, аўтар лемантара «Першыя зярняткі».
1965 — у Берасьці трагічна загінуў Адам Трыпус, дзеяч БНР. Ён быў знойдзены на вуліцы ў выніку пабіцьця невядомымі пры нявысьветленых абставінах. У пасьведчаньні аб сьмерці прычынай сьмерці быў пазначаны «гіпэртанічны крыз».
1973 — Віктар Хара, чылійскі бард і тэатральны рэжысэр. Пасьля вайсковага перавароту 11 верасьня яго затрымалі ў Тэхнічным унівэрсытэце і вывезьлі на стадыён, ператвораны ў канцлягер. Там Хару катавалі і расстралялі. У 2009-м парэшткі эксгумавалі для судова-мэдычнай экспэртызы, а Хару ўрачыста перапахавалі ў прысутнасьці тысяч людзей. У 2023 годзе семярых былых афіцэраў чылійскай арміі асудзілі на тэрміны ад 8 да 25 гадоў зьняволеньня за выкраданьне і забойства Віктара Хары. З 2003 году стадыён носіць ягонае імя.
Людзі з партрэтамі Віктара Хары падчас перапахаваньня ягоных парэшткаў пасьля судова-мэдычнай экспэртызы ў Сант’яга, 5 сьнежня 2009 году
2017 — Юлія Андрусышына, маці беларускага сьпевака і журналіста Багдана Андрусышына (Данчыка).
Данчык (Багдан Андрусышын) і ягоная маці Юлія на яе 85-годзьдзе, 19 чэрвеня 2017 году