«Мінінфарм настойліва рэкамэндуе грамадзянам Беларусі ў далейшым надаваць перавагу іншым, найперш нацыянальным, відэаплятформам, якія не практыкуюць у сваёй практыцы падобныя дыскрымінацыйныя падыходы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Сярод такіх плятформ, у прыватнасьці, рэкамэндавалі videobel.by/ru-RU. Раней у Міністэрстве інфармацыі заяўлялі, што гэтую плятформы стварылі ў мэтах нацыянальнай бясьпекі. Ён пачаў працаваць з 12 верасьня 2024 году. Гэты рэсурс стварылі ў дзяржаўным агенцтве БелТА на выпадак блякаваньня афіцыйных каналаў дзяржаўных СМІ на такіх пляцоўках, як YouTube, TikTok і Facebook.
Сёлета ў верасьні стварылі мабільнае прыкладаньне гэтай плятформы, даступнае для смартфонаў і пляншэтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
YouTube заблякаваў прапагандысцкі канал СТВ у час праграмы пра «гістарычную праўду»Што папярэднічала
14 верасьня дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла аб блякаваньні на плятформе YouTube старонак тэлеканалу СТВ у час жывой трансьляцыі праграмы «Па существу», прысьвечанай Дню народнага адзінства і пытаньням гістарычнай праўды, а таксама каналы Першага каналу беларускага радыё, радыё «Культура» і радыё «Сталіца».
Раней аб блякаваньні прапагандысцкага каналу ў Беларусі паведамлялі сёлета 8 красавіка. Тады плятформа YouTube выдаліла новы канал СТВ, які стаў актыўна папаўняцца пасьля выдаленьня старога.
«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — скардзіўся тады ў сацыяльных сетках тэлеканал СТВ.
Трэцяга красавіка YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай», але неўзабаве гэтая тэма больш шырока не ўзьнімалася.
СТВ у апошнія гады пераважна вядомы перадачамі Рыгора Азаронка, які ў сваіх этэрах доўга і ўрачыста хваліць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, называе таго найлепшым кіраўніком на сьвеце, а заадно ганьбіць усіх, хто выступае супраць. У перадачы неаднаразова гучалі абразы ў бок беларускай мовы, асабістыя абразы на адрас палітычных вязьняў і ўцекачоў, а таксама ўхваленьне расейскай палітыкі.
- Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто чытаў незалежныя мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі.
- Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці, якія ўжо сталі прадметам разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.