Штучны інтэлект пачаў папярэджваць кіроўцаў пра ласёў на беларускіх трасах

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі прыдумалі, як зьнізіць колькасьць здарэньняў з удзелам жывёл і машын на дарогах. Выкарыстоўваюць штучны інтэлект.

Папераджальны знак «Дзікія жывёлы» цяпер гаворыць ня толькі пра тое, што зьвер патэнцыйна можа выйсьці на дарогу: калі знак пачынае міргаць жоўтым сьвятлом, а на таблічцы паказваецца папярэджаньне, гэта азначае, што жывёла ўжо цяпер побач з трасай.

Такое апавяшчэньне запрацавала на ўчастках трасы М-6 у Валожынскім раёне Менскай вобласьці (82-ы км) і трасы М-10 у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці (91-ы км), піша smartpress.by са спасылкай на Міністэрства транспарту.

Адмысловы пераход кантралююць камэры зь відэааналітыкай. Калі сыстэма заўважае жывёлу, якая набліжаецца да дарогі, кіроўцаў папярэджваюць сьветлавой сыгналізацыяй на дарожным знаку і паведамленьнем на электронным таблё.

Сыгнал працуе да тае пары, пакуль зьвер не пакіне небясьпечнай зоны.

Мігатлівы знак на такім пераходзе азначае вялікую пагрозу зьяўленьня жывёлы непасрэдна на праезнай частцы.

Новая сыстэма разьмешчаная на адной з трасаў, дзе праблема асабліва адчувальная. Новая тэхналёгія можа зьберагчы жыцьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі за апошнія 30 гадоў аленяў пабольшала ў 11 разоў

Чаму гэта важна?

Такія сыстэмы распрацоўваюць невыпадкова. За адзін мінулы год у Беларусі зарэгістравалі амаль 5 тысяч выпадкаў гібелі або траўмаваньня ў ДТЗ дзікіх жывёлаў. А гэта на траціну больш, чым у 2024-м.

Агулам летась пацярпелі або загінулі 5100 жывёлінаў, часьцей за ўсё гэта казулі і ласі.

Сёлета рост працягнуўся. За першы квартал было вядома ўжо пра 932 ДТЗ з жывёламі, у якіх загінулі або атрымалі траўмы 957 зьвяроў. Гэта на 210 выпадкаў больш, чым за аналягічны пэрыяд 2025 году. Сярод прычынаў адмыслоўцы называлі павелічэньне транспартнага патоку, колькасьці жывёл і сэзоннае расьсяленьне маладняка.

Звычайна ад сутыкненьня з капытнымі вялікіх пашкоджаньняў зазнае і аўтамабіль, здараюцца й сьмяротныя выпадкі з кіроўцамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як плот на мяжы Беларусі і Польшчы нашкодзіць зубрам, ваўкам і мядзьведзям