За даўгі выставілі на аўкцыён частку памяшканьняў аднаго з найбуйнейшых менскіх заводаў

Менскі падшыпнікавы завод

За адміністрацыйныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя будынкі просяць звыш мільёна даляраў. Сёлета стала вядома, што гэтае прадпрыемства працуе на расейскія ваенныя патрэбы.

Менскі падшыпнікавы завод, які даўно ўваходзіць у аб’яднаньне БМК, якім кіруе Беларускі мэталюргічны завод, губляе сваю нерухомасьць.

Цяпер памяшканьні заводу ў раёне станцыі мэтро „Партызанская“ выстаўленыя на аўкцыён за даўгі. За будынкі росяць 3 млн рублёў, піша Realt са спасылкай на інфармацыю на сайце „БелЮрЗабесьпячэньне“.

На таргах апынуліся адміністрацыйныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя памяшканьні па вуліцы Жылуновіча, 2. Агульная плошча выстаўленых на аўкцыён будынкаў — 5348 квадратных мэтраў. Разьмяшчаюцца яны ў чатырохпавярховым будынку 1970 году пабудовы.

Аўкцыён пройдзе 29 верасьня, а заяўкі на ўдзел прымаюць да 16.00 28 верасьня.

Якая ж стартавая цана? Яна складае 3 185 220 рублёў (каля 1 054 813 даляраў згодна зь цяперашнім курсам).

У савецкія часы МПЗ уваходзіў у топ-6 найбуйнейшых вытворцаў падшыпнікаў у СССР.

Што гэта значыць?

Выстаўленьне на продаж часткі нерухомасьці МПЗ азначае, што яна не запатрабаваная кіроўнай кампаніяй холдынгу, прымяненьня ёй не знайшлі. А фінансавыя праблемы цяпер ужо несамастойнай адзінкі пачаліся ня сёлета.

Яшчэ ў 2023-м журналісты падлічылі, што з прыбыткам у 1 млн рублёў, які ў завода быў у 2022-м, спатрэбіцца 164 гады, каб расплаціцца з усімі крэдытамі.

Атрыманьню падшыпнікавым заводам крэдытаў спрыяла сама дзяржава. У 2009 годзе гэтаму заводу далі каля 170 мільёнаў даляраў „на мадэрнізацыю“. Аднак ніякай карысьці прадпрыемству гэта не прынесла. Улады спадзяваліся, што завод на год будзе зарабляць каля 500 мільёнаў даляраў, але на справе ён толькі назапашваў даўгі і браў новыя крэдыты.

У 2026-м годзе арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BelPol высьветліла, што Менскі падшыпнікавы завод, у ліку 120 беларускіх прадпрыемстваў рознага профілю, працуе на расейскую ваенную прамысловасьць. Арганізацыя пры гэтым зазначыла: кіраўніцтва пазначаных у сьпісе заводаў цалкам усьведамляе, чым менавіта займаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны