Пра гэта паведамляе партал Tribuna.
Жанчына перастала выходзіць на сувязь 8 верасьня. Яе дачка зьвярнулася ў міліцыю. Паводле сілавікоў, падазраванага ўстанавілі цягам сутак. Ён быў у блізкіх адносінах з ёй і ведаў пра цяжарнасьць. Пасьля сваркі, паводле сьледзтва, мужчына некалькі разоў ударыў жанчыну нажом, схаваў цела ў вялікую спартовую сумку, вывез за горад і закапаў у лесе Менскага раёну.
Tribuna зьвярнула ўвагу, што пасьля затрыманьня профіль Гаўрылёнка зьнік з сайту Фэдэрацыі хакею Беларусі. Раней ён значыўся сярод галоўных судзьдзяў. Да судзейскай кар’еры Гаўрылёнак быў прафэсійным хакеістам — выступаў за менскае «Дынама», «Керамін» і «Брэст», а таксама гуляў за моладзевыя зборныя Беларусі. У 2007 годзе ўдзельнічаў у чэмпіянаце сьвету U-20.
Гаўрылёнак таксама судзіў матчы з удзелам Лукашэнкі. Апошні такі матч ён абслугоўваў у лютым 2026 году.
Ягоны бацька Аляксандар Гаўрылёнак — былы брамнік менскага «Дынама» і зборнай Беларусі, чатырохразовы чэмпіён Беларусі. Ён таксама працаваў трэнэрам, у тым ліку ў «Брэсьце», дзе гулялі ягоныя сыны Аляксей і Мікалай.
Паводле інфармацыі Onliner, забітая жанчына была акушэрам-гінеколягам, нейкі час працавала ў адной зь менскіх радзільняў. Затым стала развіваць сваю справу, зьвязаную з мэдыцынскай сфэрай (са словаў суседзяў). У яе засталася дарослая дачка.