У Літве абвяшчалі паветраную трывогу праз меркаваны дрон, закрывалі аэрапорт

Віленскі аэрапорт. Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызісамі Літвы (НЦКК) абвяшчаў 13 верасьня «магчымую паветраную трывогу» (жоўты ўзровень небясьпекі), паведамляе партал Delfi.

У паветранай прасторы Літвы, як адзначаецца, быў зафіксаваны меркавана дрон. Пра пагрозу былі апэратыўна інфармаваныя жыхары Вільні, а таксама Віленскага, Тракайскага і Электрэнскага раёнаў.

У 13:37 Узброеныя сілы Літвы паведамілі, што «пагроза мінула». Пры гэтым жыхароў прасілі «сачыць за далейшай інфармацыяй і намеціць найбліжэйшае сховішча, у якое можна пайсьці ў выпадку паветранай трывогі».

Паведамляецца, што раней у сувязі з пагрозай у паветра падымаліся зьнішчальнікі NATO. Яны, паводле паведамленьня НЦКК, устанавілі, што «заўважаныя радарамі аб’екты — гэта чарада птушак». «На экранах радараў сылуэты птушак і бесьпілётнкаў вельмі падобныя, таму для высьвятленьня абставінаў патрэбная дадатковая праверка», — адзначылі ў цэнтры.

Аэрапорт у Вільні прыпыняў працу 13 верасьня. Пасьля адмены пагрозы ён аднавіў прыём і апраўку рэйсаў.

  • Гэта не першы выпадак, калі ў Літве абвяшчаецца паветраная трывога. Вясной 2026 года ўкраінскі бок падкрэсьліваў, што бесьпілётнікі трапляюць на тэрыторыю краін Балтыі з прычыны дзеяньняў расейскіх сыстэм радыёэлектроннай барацьбы. Міністры замежных спраў Літвы і Эстоніі таксама абвінавачвалі Расею ў наўмысным перанакіраваньні ўкраінскіх бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь Беларусі ў Літву — і далей у Калінінград. Што за аб’ект зафіксавалі літоўскія радары