Арганізатары мэдычнага кангрэсу ў Вроцлаве зьнялі чырвона-зялёны сьцяг пасьля пратэстаў мясцовых беларусаў

Фрагмэнт фота з фэйсбук-акаўнта Анастасіі Сасыкбаевай

Арганізатары XIII Кангрэса мэдычнай Палоніі, які адбыўся ў Вроцлаве (Польшча) з 10 па 12 верасьня, прыбралі афіцыйны беларускі чырвона-зялёны сьцяг пасьля пратэстаў мясцовай беларускай супольнасьці.

Пра сьцяг на будынку кангрэс-цэнтра паведаміла кіраўніца фонду «Спадчына» Анастасія Сасыкбаева. Яна адзначыла, што гэтая сымболіка для яе «пра рэжым, рэпрэсіі, турмы і страх, пра тых, хто адабраў у беларусаў і беларусак права выбіраць сваю ўладу, гаварыць сваім голасам і жыць свабодна». «А мая Беларусь — бел-чырвона-белая. Пра годнасьць. Пра свабоду. Пра людзей, якія не здаліся», — дадала яна.

Актывістка прапанавала абвесьціць флэшмоб і заклікала ў межах яго рабіць фота, пісаць і распавядаць, чаму чырвона-зялёны сьцяг ня мае адносінаў да беларусаў, не дазваляць «рабіць сымбалі дыктатуры «новай нармальнасьцю».

Сасыкбаева заклікала Фэдэрацыю мэдычных арганізацый Палоніі (польскай дыяспары ў сьвеце) зьмяніць сьцяг і была гатовая падарыць ёй нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Мясцовыя беларусы падалі заяўку на правядзеньне пікета каля кангрэс-цэнтра.

Як адрэагавалі арганізатары кангрэсу

У камэнтарах да допісу Сасыкбаевай у «Фэйсбуку» прадстаўнікі фэдэрацыі апэратыўна выбачыліся за сытуацыю: «Мы мелі намер выключна сымбалічна падкрэсьліць міжнародны характар мерапрыемства і паказаць краіны, прадстаўленыя яго ўдзельнікамі. Аднак мы разумеем, што выкарыстаньне гэтага сьцяга можа мець для вас зусім іншае, вельмі важнае значэньне і магло быць успрынята як жэст, зь якім вы сябе не атаясамліваеце».

Паводле супрацоўнікаў фэдэрацыі, яны паважаюць пазыцыю беларускай супольнасьці, «таму сьцяг будзе прыбраны». Гэта было зроблена, што пацьвердзіла Сасыкбаева.

«Прыемна ведаць, што тут законы працуюць і мы можам намагацца, каб гэтай „кзшнай анучы“ больш у нас не было. Хацелася б, каб ня толькі ў Вроцлаве, але і па ўсёй Польшчы, і ў самой Беларусі ў першую чаргу», — заявіла «Позірку» актывістка.

Зварот актывісткі да дэмакратычных сілаў Беларусі

«Спадчына» апублікавала адкрыты ліст да прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. Яна заклікала зьвярнуцца да міжнародных партнэраў з нагоды выкарыстаньня чырвона-зялёнай сымболікі і ўзмацніць працу ў гэтым кірунку, бо лічыць важным «сыстэмна працягваць гэтую камунікацыю, каб папярэджваць падобныя выпадкі».

«Мы прапануем рэгулярна нагадваць міжнародным партнэрам пра неабходнасьць адрозьніваць Беларусь ад рэжыму Лукашэнкі, загадзя інфармаваць арганізатараў міжнародных мерапрыемстваў пра адпаведную сымболіку, апэратыўна рэагаваць на яе зьяўленьне і выкарыстоўваць такія выпадкі для міжнароднай камунікацыі. Мы не заклікаем да канфрантацыі. Наадварот, прыклад Вроцлава паказаў, што спакойны і своечасовы зварот можа даць вынік без публічнага супрацьстаяньня», — лічаць аўтары звароту.

На іх думку, «тое, што можа невялікая грамадзкая ініцыятыва, дэмакратычныя сілы могуць рабіць у значна большым маштабе». «Беларусь — не рэжым Лукашэнкі. Важна, каб гэтае адрозьненьне заставалася выразным не толькі для нас, але і для міжнародных партнэраў», — сказана ў адкрытым лісьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму інтэрвію зь Бяляцкім у Чэскай тэлевізіі было на фоне чырвона-зялёнага сьцяга?