Двум падазраваным у буйным махлярстве ў сувязі зь меркаванай наданьнем ІТ-паслуг тэлеканалу «Белсат», даччынай кампаніі TVP, выставілі абвінавачванні, паведаміў партал Onet.pl з спасылкай на акруговую пракуратуру Варшавы.
У пятніцу пракуратура заявіла, што вядзе два расьсьледаваньні ў гэтай справе. Абодва тычацца атрыманьня фінансавай выгады шляхам нанясеньня фінансавай шкоды TVP. Першае расьсьледаваньне ахоплівае пэрыяд з 10 жніўня 2018 году па 10 студзеня 2024 году. У гэты пэрыяд асобы, адказныя за фінансавыя справы TVP, нібыта прычынілі кампаніі фінансавую шкоду. Паводле пракуратуры, шкода складае 7 млн злотых (звыш 1 млн 877 тыс даляраў).
Другое расьсьледаваньне ахоплівае час ад 9 красавіка 2019 году да 10 студзеня 2024 году і тычыцца выпіскі падробленых рахункаў-фактур з ПДВ на агульную суму больш за 5 млн злотых (звыш 1 млн 300 тыс дляраў).
Як адзначае пракуратура, гэтыя дакумэнты паслужылі падставай для выстаўленьня рахункаў за ІТ-паслугі для TVP, якіх насамрэч не было.
Кшыштафу М. і Шымону П. выставілі абвінавачаньні. Першага абвінавацілі ў «схіленьні TVP да нявыгаднага распараджэньня актывамі з мэтай атрыманьня фінансавай выгады».
«Пасьля таго, як раней ён нібыта ўвёў грамадзкасьць у зман адносна аказаньня ІТ-паслуг тэлеканалу „Белсат“, ён фактычна іх ня выканаў, а замест гэтага атрымаў за іх неправамерную ўзнагароду», — сказалі ў пракуратуры.
Кшыштаф М. выставіў 385 фальшывых рахункаў-фактур. Яго вінавацяць у падачы падатковых дэклярацый на падставе фальшывых рахункаў-фактур, выдадзеных TVP.
Шымона П. абвінавацілі ва ўвядзенні TVP у зман адносна кошту аказаных ІТ-паслуг.
Абодва не прызналі сябе вінаватымі і далі кароткія паказаньні. Пракурор вызначыў меры стрыманьня ў дачыненьні першага падазраванага, у тым ліку заклад у памеры 170 000 злотых і паліцэйскі нагляд. Тое ж самае тычылася і другога абвінавачанага, Шымона П., які таксама быў узяты пад заклад у памеры 200 000 злотых. Ён таксама пад паліцэйскім наглядам.
Сьледзтва ў справе Белсату
20 лістапада 2024 году Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (ЦАБ) Польшчы правяло ператрусы ў памяшканьні польскай тэлевізіі TVP. Шукалі дакумэнтацыю ў межах расьсьледаваньня справы «Белсату», якое праводзіць акруговая пракуратура ў Варшаве.
Ператрус у рэдакцыі тэлеканалу «Белсат», пэўна, быў зьвязаны з заявай аб злачынстве, якую падало цяперашняе кіраўніцтва TVP.
Гаворка йшла пра заяву аб злоўжываньнях на вялікія сумы, зьвязаныя з аплатай ІТ-паслуг для тэлеканалу, пісала Gazeta Wyborcza. Супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро прыходзілі таксама ў кватэру былой кіраўніцы «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай.
У той час выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 сьнежня, але падаў заяву аб звальненьні ўжо ад 22 лістапада. Дзікавіцкі растлумачыў, што яму загадалі зьліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», а ён ня хоча гэтага рабіць нават фармальна.
15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася аб прызначэньні новай кіраўніцы — Аліны Коўшык.
Журналістам таксама абвясьцілі, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай, а стане часткай новага цэнтру замежнага вяшчаньня TVP, куды таксама залучаць ангельскамоўны канал TVP World.
Агнешка Рамашэўска-Гузы, Вальдэмар Даманьскі, Вольга Швед, Аляксей Дзікавіцкі і Міраслаў Цівуновіч паставілі свае подпісы пад зваротам наконт сытуацыі з абвінавачаньнямі ў бок каналу «Белсат».
«Рашуча адкідаем абвінавачаньні ў наш адрас з боку тэлевізійнай групы TVP. Пратэстуем супраць зьнеслаўленьня як нас, так і „Белсату“ — незвычайна важнай як для беларусаў, так і для польскага грамадзтва інстытуцыі, будаваньню якой мы прысьвяцілі шмат гадоў жыцьця».