Беларус дамогся перагляду справы пра датэрміновую пэнсію і цяпер атрымае выплаты

Ілюстрацыйнае фота

Незвычайная юрыдычная справа разглядалася на Магілёўшчыне. Мужчына захацеў пайсьці на датэрміновую пэнсію, яму адмовілі, але ён не спыніў змаганьня.

Жыхару Магілёўшчыны, які шмат гадоў працаваў вальшчыкам лесу, удалося дамагчыся перагляду рашэньня пра адмову ў датэрміновай пэнсіі. Яму прызначылі выплату і налічылі больш за 20 тысяч рублёў недаатрыманай пэнсіі.

У ліпені 2026 году ягоная жонка зьвярнулася на прафсаюзны прыём да прававога інспэктара працы, піша Myfin.by.

Жанчына расказала, што ейны муж, які працаваў вальшчыкам лесу, сутыкнуўся з адмовай у прызначэньні датэрміновай пэнсіі па ўзросьце за працу ў асаблівымі ўмовамі працы.

Раней мужчыну адмовілі ў датэрміновай пэнсіі. Ён быў вымушаны працягнуць працу да дасягненьня агульнага пэнсійнага ўзросту.

Пры вывучэньні пэнсійнай справы прававы інспэктар выявіў, што мужчыну маглі не ўлічыць частку спэцыяльнага стажу. У прыватнасьці, пытаньні паўсталі наконт пэрыяду працы на зьліквідаваным прыватным прадпрыемстве, дзе мужчына працаваў вальшчыкам лесу, а таксама наконт пэрыядаў, якія выключылі са спэцыяльнага стажу як «неатэставаныя».

Прававы інспэктар падрыхтаваў і накіраваў скаргу на пастанову камісіі па прызначэньні пэнсіі ў вышэйшую інстанцыю. Пасьля дадатковага вывучэньня дакумэнтаў і запыту архіўных зьвестак першапачатковае рашэньне скасавалі.

Мужчыну прызначылі датэрміновую пэнсію. Акрамя таго, за ім прызналі права на недаатрыманыя пэнсійныя выплаты за пэрыяд зь лютага 2025 году.

Памер аднаразовай выплаты складзе больш за 20 тысяч рублёў.

У чым цяжкасьць?

Паводле прававога інспэктара Дзьмітрыя Мардачова, якога цытуе выданьне, пэнсійныя справы часта патрабуюць дадатковай праверкі.

Рэч у тым, што дакумэнты могуць быць страчаныя ў выніку ліквідацыі прадпрыемстваў, а пацьверджаньне спэцыяльнага стажу залежыць ад шэрагу чыньнікаў.

Акрамя таго, у красавіку 2026 году ў Беларусі выдалілі 800 прафэсій з адмысловага пераліку працаў у асабліва цяжкіх умовах, які даваў права на атрыманьне датэрміновай пэнсіі.

У Міністэрстве працы тлумачылі, што большасьць з гэтых працаў адносіцца да састарэлых, цяпер іх часта замяняюць праз новых тэхналёгіі.

Калі прафэсія засталася ў гэтых абноўленых сьпісах, стаж, які дае права на датэрміновую пэнсію за працу ў шкодных і цяжкіх умовах, працягваюць улічваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі скарацілі на 800 пунктаў сьпіс прафэсіяў, якія даюць права на датэрміновую пэнсію за працу ў цяжкіх умовах

Пэнсіі ў Беларусі

Цяпер у Беларусі 26% насельніцтва — пэнсіянэры, а сярэдняя пэнсія складае 1057,19 рубля, ці 370,3 даляра. Адпаведна, для гэтай групы насельніцтва дзяржава асобна рэгулюе законы і пастановы.

У ліпені дзяржава прапанавала грамадзянам самім назапашваць дадатковую пэнсію.

«Працаўнік адлічвае 3% ад заробку, а наймальнік дадае яшчэ 3% за кошт дзяржавы. Работніку можна выбраць іншы памер тарыфу (ад 1 да 10%), наймальніку — ад 1 да 3%», — тлумачыць НДІ эканомікі.

Але з моманту запуску праграмы ў кастрычніку 2022 году да яе далучыліся толькі каля 80 тысяч чалавек.

Каб прыцягнуць больш людзей у праграму, НДІ прапануе пашырыць магчымасьці датэрмінова здымаць ашчаджэньні (на лячэньне, куплю першага жыльля), даць права зьняць усю назапашаную суму адначасова пры дасягненьні пэнсійнага ўзросту.

Асобнай групай у Беларусі можна назваць палітычных зьняволеных. Па вызваленьні з калёній яны маюць праблемы з афармленьнем пэнсій і іх памерам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары памежных з Украінай раёнаў просяць улады ўлічваць іх украінскі стаж пры налічэньні пэнсіяў