490 да н. э. — паводле легенды, грэцкі воін Фідзіпід прабег ад гораду Маратон да Атэнаў, каб хутчэй паведаміць пра перамогу грэкаў над пэрсамі. «Радуйцеся! Мы перамаглі» — выгукнуў ён і памёр. Калі ў 1896 годзе ў Атэнах праходзілі першыя сучасныя Алімпійскія гульні, у ягоны гонар зладзілі забег паміж Маратонам і Атэнамі. З тых часоў спаборніцтвы па маратонскім бегу сталі адным з папулярных відаў лёгкай атлетыкі.
1263 — змоўнікі забілі Міндоўга разам з двума ягонымі сынамі. Уладу захапіў Транята.
1383 — у верасьні войска крыжакоў разам зь Вітаўтам заняло Трокі і рушыла да Вільні, дзе спаліла частку гораду, але ўмацаваньні ўзяць не змагло. Дый Трокі пад Вітаўтавай уладай прабылі толькі да 3 лістапада.
1683 — пад Венай войска хрысьціянскай кааліцыі пад камандаваньнем караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага разьбіла асманцаў і зьняло аблогу гораду. Гэтая перамога стала пачаткам сэрыі паразаў Асманскай імпэрыі, якая за наступныя гады страціла большую частку Вугоршчыны. Войска ВКЛ пад камандаваньнем вялікага гетмана Казіміра Яна Сапегі далучылася да вайны ў кастрычніку.
1733 — большасьць шляхты Рэчы Паспалітай абрала каралём і вялікім князем Станіслава Ляшчынскага, які ўжо займаў трон у 1704–1709 гадах. Расея і Аўстрыя не прызналі выбару. Расея ўвяла войскі і 5 кастрычніка каралём абвясьцілі Аўгуста III Саса. Ляшчынскі ў 1736 годзе адрокся ад кароны.
1848 — Швайцарыя, якая да таго часу была зьвязам паасобных кантонаў, ператварылася ў фэдэратыўную дзяржаву.
1933 — амэрыканскі фізык Леа Сылард прапанаваў ідэю ланцуговай ядзернай рэакцыі.
1940 — на паўднёвым захадзе Францыі чацьвёра падлеткаў знайшлі пячору Ляско, сьцены якой былі пакрытыя сотнямі малюнкаў першабытных жывёл, зробленых каля 23 тысяч гадоў таму.
1963 — першае месца ў брытанскім гіт-парадзе заняў гурт The Beatles зь песьняю She Loves You.
Тhe Beatles, 1962
1990 — міністры замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і абедзьвюх Нямеччын падпісалі дамову пра «канчатковае ўрэгуляваньне адносна Нямеччыны». 3 кастрычніка ГДР увальецца ў ФРГ.
1995 — войскі супрацьпаветранай абароны каля Бярозы зьбілі паветраны шар, які браў удзел у міжнародных спаборніцтвах на далёкасьць палётаў. Абодва чальцы экіпажу — амэрыканцы Алан Фрэнкэль і Джон Ст’юарт-Джэрвіс — загінулі.
2013 — Аляксандар Лукашэнка атрымаў парадыйную Шнобэлеўскую прэмію міру (Ig Nobel Peace Prize) за забарону публічных воплескаў, а беларуская міліцыя — за тое, што затрымала аднарукага, бо ён «пляскаў к далоні».
2020 — тысячы жанчын выйшлі на Жаночы марш у Менску, каля ста зь іх былі захопленыя міліцыяй.
У гэты дзень нарадзіліся
1712 — Сьцяпан Аскерка, юрыст і эканамічны публіцыст з шляхецкага роду. Выхоўваўся ў кальвінісцкай традыцыі і вучыўся ў Кёнігсбэргу. У 1733 годзе быў паслом ад Мазырскага павету на сойме Рэчы Паспалітай. Пазьней перасяліўся ў Прусію, дзе паступіў на дзяржаўную службу і стаў тайным дарадцам юстыцыі.
1730 — Аляксандар Міхал Сапега, полацкі ваявода, польны гетман і канцлер ВКЛ. Пры ім перабудавалі палац у Ружанах, там дзейнічалі тэатар, балет і аркестар, працавалі суконныя і шоўкавыя мануфактуры, зьбіралася багатая бібліятэка і архіў. У палітыцы Сапега пакінуў куды менш пачэсны сьлед: у 1770-я гады ён паставіў войска ВКЛ у залежнасьць ад Расеі, пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай дэманстраваў ляяльнасьць Кацярыне II, быў праціўнікам Канстытуцыі 3 траўня, а ў 1792 годзе далучыўся да прарасейскай Таргавіцкай канфэдэрацыі.
1921 — Станіслаў Лем, польскі пісьменьнік, сатырык, філёзаф і фантаст.
Станіслаў Лем
1929 — Мікалай Матукоўскі, беларускі драматург.
1945 — Рыгор Семашкевіч, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца.
1949 — Яўген Чыквін, палітык, беларускі і праваслаўны дзяяч у Польшчы.
1954 — Алесь Жлутка, беларускі мовазнаўца і гісторык.
У памяці
1933 — Антон Каменскі, мастак, графік і ілюстратар, пісьменьнік.
1934 — Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.
1964 — Сяргей Пясецкі, авантурнік, пісьменьнік, удзельнік антынацысцкага Супраціву.
Сяргей Пясецкі. «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Аўдыёкніга. Менск, выдавец Ігар Логвінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сяргей Пясецкі, «Наш выбітны ліхадзей»1972 — Сяргей Шутаў, археоляг і краязнавец.
2008 — Кастусь Козак, настаўнік беларускай мовы ў 1942-44, вязень ГУЛАГу, адзін з кіраўнікоў паўстаньня палітычных вязьняў у СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Шаркоўшчыне памёр Кастусь Козак2015 — Аляксей Кароль, беларускі гісторык, палітоляг, галоўны рэдактар газэты «Новы Час».