Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі на Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі расказаў пра пытаньні ў кантактах з ЗША і ўмовы для сустрэчы з прэзыдэнтам Дональдам Трампам.
«Мы адкрытыя. Яны паздымалі санкцыі з шэрагу нашых прадпрыемстваў, гатовыя і далей здымаць. Там куча пытаньняў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Пасольствы — давайце абмяркоўваць, як будзем аднаўляць. Ядзерныя матэрыялы і іншае — там у нас цэлая праграма — калі ласка. Хочаце ў нас калійныя ўгнаеньні (калі хочаце) купляць — калі ласка».
«Я адкрыта казаў, што я трампіст, я падтрымліваў Трампа. Я бачу ягоныя памылкі. Пра гэта кажу наўпрост ягонаму найлепшаму сябру, які павінен прыехаць да нас», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе дарадцу прэзыдэнта ЗША Джона Коўла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Спэцпасланьнік Трампа Джон Коўл наведае Беларусь 14 верасьня, — крыніцы Свабоды. 8 верасьня ён сустрэўся зь БяляцкімЁн таксама згадаў Раду міру ў справе Газы, пацьвердзіўшы гатоўнасьць працаваць і ў гэтым фармаце.
«Добра, давайце разам. Толькі не падыгрываць там — у выглядзе дэкарацыі. Для мяне гэта не падыходзіць. Я наўпрост ім кажу, што дзеля гэтага я не гатовы сустракацца з Дональдам Трампам».
«Каб зь ім сустрэцца (гэта добра, для Беларусі было б вельмі карысна), трэба разумець: сустрэліся, а што? Павіталіся і разьехаліся?» — сказаў Лукашэнка.
Што да магчымасьці «вялікай угоды» паміж Беларусьсю і ЗША, пра якую гаварылася раней, Лукашэнка пацьвердзіў, што гэта актуальна і сёньня.
«Мы і да малой, і да вялікай угоды гатовыя», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка дэманструе ляяльнасьць Пуціну, шукаючы дыялёгу з ЗША, — КарбалевічАляксандар Лукашэнка нагадаў, што першапачаткова ў кантактах з ЗША ўсё засяродзілася на палітвязьнях, і ў гэтым пытаньні ён таксама пайшоў насустрач.
«Ды бог з вамі, забірайце. Вось усе перажывалі: „Ах, Ціханоўскага адпусьцілі!“ І дзе Сярожа? Знайсьці ня могуць. Ён нікому не патрэбны», — адзначыў Лукашэнка.
Вяртаючыся да тэмы паставак беларускіх калійных угнаеньняў, ён расказаў, што якраз цяпер ідзе пагрузка судна для адпраўкі ў ЗША. Аднак, паводле яго, Беларусь ня зможа адразу забясьпечыць буйныя пастаўкі.
«Мы ж закантрактавалі іх на гэты год. На наступны год разгледзім. Цяпер зьявілася магчымасьць загрузіць судна (заўтра дакладна скончым пагрузку) — забірайце, — сказаў Лукашэнка. — Але доўг вярніце. $43–44 млн нашых у Citibank затрымаліся — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амэрыцы затрымаліся. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы, — сказаў ён. — Урад мне пісьмова далажыў. Грошы вярніце! Гэта ж ганьба для ЗША. Потым мы з вамі будзем дамаўляцца пра больш сур’ёзныя рэчы».
🛈 Раней у адкрытых крыніцах не было інфармацыі пра нібыта замарожаныя ў амэрыканскім банку грошы Беларуськалія. Міністэрства фінансаў ЗША зьняло зь Беларуськалія санкцыі 26 сакавіка 2026 году.