11 верасьня ў Баранавіцкім раёне Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоны сын Мікалай служыць у войску. Аляксандра Лукашэнку працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА:
«Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто і ня ведаў нават. Віктар (міністар абароны Віктар Хрэнін) прызваў. Служыць у арміі, як належыць, як усе. Лейтэнант. Ня буду гаварыць дзе, але ў самым складаным падразьдзяленні», — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што адначасова Мікалай у вольны час надзяляе ўвагу далейшаму вывучэньню біятэхналёгій — асноўнаму профілю, па якому атрымліваў адукацыю ў ВНУ.
У траўні 2026 году на сумеснай трэніроўцы ядзерных сіл Беларусі і Расеі разам з Аляксандрам Лукашэнкам Мікалай прысутнічаў і быў адзеты ў вайсковую форму з шаўронам Службы бясьпекі прэзыдэнта на плячы, заўважыла «Наша ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ірыну Абельскую, якую называюць маці Мікалая Лукашэнкі, вылучылі ў Савет РэспублікіШто вядома пра Мікалая Лукашэнку
Мікалай Лукашэнка нарадзіўся 31 жніўня 2004 году. Ягонай маці называюць былую асабістую лекарку Лукашэнкі Ірыну Абельскую.
31 жніўня і 1 верасьня 2026 году малодшы сын Лукашэнкі зьявіўся на саміце ШАС у Бішкеку разам з бацькам. Ён з малых гадоў суправаджае бацьку ў замежных візытах.
Мікалай Лукашэнка сёлета скончыў навучаньне ў сумеснай праграме біятэхналёгіяў БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту. 30 чэрвеня ў Пэкіне ён атрымаў дыплём як выпускнік сумеснай праграмы БДУ і Пэкінскага ўнівэрсытэту ў спэцыяльнасьці «біятэхналёгія».
Пра тое, што малодшы сын Лукашэнкі Беларусі вучыцца ў Пэкінскім унівэрсытэце, стала вядома ў 2023 годзе.
Раней Лукашэнка даў свайму сыну падвышаную стыпэндыю, якая фармуецца зь дзяржаўнага бюджэту.