Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі пастанавіла, што зь 1 кастрычніка 2027 году перавозьнікі мусяць паведамляць зьвесткі аб грамадзянах, якія набылі квіток на міжнародны наземны транспарт і зьбіраюцца праходзіць мяжу. Паглядзелі, навошта гэта трэба ўладам і якія рызыкі нясе новаўвядзеньне.
З кастрычніка наступнага году юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія перавозяць пасажыраў праз мяжу наземным транспартам мусяць падаваць іх зьвесткі ў агульную базу. Гэта вынікае з пастановы міністэрства транспарту і камунікацый.
Яны мусяць перадаваць імя і прозьвішча пасажыраў, пол і дату нараджэньня, дадзеныя пра грамадзянства, нумар і тэрмін дзеяньня праязнога дакумэнту, паводле якога набываўся квіток.
Да гэтага часу зьвесткі сілавікам перадавалі толькі перавозьнікі на паветраным і чыгуначным транспарце. Для паветраных і чыгуначных перавозьнікаў гэтая норма пачала дзейнічаць ужо 13 ліпеня 2016 году.
Згодна з новай пастановай, інфармацыю аб пасажырах, якія перасякаюць мяжу на аўтамабільным транспарце, будуць перадаваць органам памежнай службы і «іншым дзяржаўным органам, што ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць». Гэтая ж норма застаецца дзейнай для паветранага і чыгуначнага транспарту. То бок цяпер новаўвядзеньне закране аўтобусы і маршруткі.
Новаўвядзеньне Міністэрства транспарту абгрунтоўвае 45 артыкулам закону Беларусі аб дзяржаўнай мяжы. У ім прапісана, што юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі «абавязаныя прымаць захады для папярэджаньня незаконнага пранікненьня фізычных асобаў на транспартныя сродкі і выкарыстаньня транспартных сродкаў для незаконнага перасячэньня мяжы».
Раней зьвесткі грамадзян, якія перасякаюць мяжу і так траплялі да органаў памежнай службы, але непасрэдна пры перасячэньні мяжы, падчас праверкі дакумэнтаў. Пры ўезьдзе ў Расею, дакумэнты правяралі зрэдку, бо памежны кантроль там прысутнічае ў рэдкіх выпадках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пантоны, равы і «зубы цмока». Як Латвія зьмяніла сваю мяжу зь Беларусьсю за апошнія тры гадыНавошта новаўвядзеньне
Паводле прадстаўніка арганізацыі былых сілавікоў Belpol Уладзімера Жыгара, гэтая ініцыятыва ўладаў выглядае як спроба кантраляваць тых, хто выяжджае праз расейскую мяжу. Бо раней іншыя напрамкі і так кантраляваліся памежнікамі.
Прадстаўнік BELPOL Уладзімер Жыгар
«Уся гэтая інфармацыя зьбіралася і раней, ёсьць сыстэма «Пасажырапаток»: прыяжджае аўтобус, памежная служба пазначае рэйс, хто едзе на ім. Усё гэта ўносілася ў сыстэму. Адзіная розьніца, што пасьля гэтага новаўвядзеньня будзе закрывацца расейскі напрамак. Там няма мяжы і няма памежнага кантролю, у базу гэта не трапляла. Цяпер жа інфармацыя пра тых, хто напрыклад, едзе аўтобусам у Расею таксама будзе фіксавацца. Наконт ЭЗ гэтая інфармацыя і так трапляла да сілавікоў. Напрыклад, калі некага шукаюць, ці забаранілі выезд, гэта было бачна праз сыстэму», – тлумачыць Жыгар у камэнтары Свабодзе.
Ён лічыць, што такая мера выглядае занадта маштабнай для закрыцьця расейскага напрамку, бо ў гэтым «няма вострай неабходнасьці для траты сілаў».
«Затрыманьне транспарту на мяжы абурае людзей»
Як мяркуюць у службе эвакуацыі ProEvac, якая дапамагае выехаць з Беларусі людзям, якія трапіілі пад перасьлед, перавозьнікаў абавязалі дзяліцца зьвесткамі, каб «разгрузіць» мяжу.
«Элемэнтарная бытавая штука адбываецца, на мяжы допыты, затрыманьні транспарту – гэта вельмі абурае людзей, якія праходзяць мяжу. Магчыма, яны хочуць зьменшыць час, на які трэба затрымліваць той ці іншы транспарт. Ці паскорыць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць. Што да рызыкаў, то для людзей, якія раней перасякалі мяжу Беларусі, нічога не павінна зьмяніцца. Калі чалавек ведае, што яму нельга ісьці праз афіцыйны пункт пропуску, то туды і так ня варта ісьці», – расказалі Свабодзе ў службе.
Там зважаюць, што новаўвядзеньне істотна ня зьменіць сытуацыю. А таксама ўвод новых правілаў могуць пераносіць, бо гэта патрабуе высілкаў.
«Ім трэба падрыхтаваць электронную базу, разабрацца, як гэта будзе працаваць. Калі глядзець на іншы досьвед уладаў, у падобных ініцыятывах, то гэта можа зацягнуцца і на два, і на тры гады. Той жа прыклад з аб’яднаньнем баз невыязных з Расеяй, на гэта сышло амаль 10 гадоў», – прыводзяць прыклад у службе ProEvac.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва перадала ICAO новыя доказы інцыдэнтаў зь беларускімі балёнамі, якія перашкаджалі самалётам у Вільні«Затрымаць чалавека да ягонага ад’езду»
На думку юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятланы Галаўнёвай, новаўвядзеньне сьведчыць пра тое, што ўлады ствараюць больш цэнтралізаваную сыстэму кантролю за выездам грамадзянаў.
Сьвятлана Галаўнёва
«Гэта можа быць зьвязана як з унутранымі працэсам (спэцслужбы адваёўваюць больш шырокі мандат), так і, канешне, можа станавіцца інструмэнтам рэпрэсій. Перадача зьвестак аб пасажырах загадзя можа дапамагаць КДБ абмежаваць права выезду ці затрымаць чалавека да яго ад’езду. Паводле закону, чалавеку мусяць паведаміць аб абмежаваньні права на выезд, у тым ліку падставы такога абмежаваньня. Аднак на практыцы абмежаваньне могуць уводзіць без апавяшчэньня і без адлюстраваньня ў афіцыйнай базе дадзеных. Агулам, выглядае так, што ўлады ствараюць больш цэнтралізаваную сыстэму кантролю і дасяжнасьці дадзеных аб міжнародных пасажырскіх аўтаперавозка, аналягічна з кантролем за авіаперамяшчэньнямі», – мяркуе юрыстка.
Апошнія два гады праваабаронцы сыстэматычна фіксуюць факты перасьледу тых, хто прыяжджае ў Беларусь з-за мяжы. Людзей правяраюць у пунктах пропуску, аглядаюць іх тэлефоны, распытваюць пра паездкі, падпіскі й кантакты. Дадаткова дапытваюць таксама грамадзянаў Украіны. Былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі па прыезьдзе ў Беларусь, а таксама на выезьдзе з краіны.