Расейскія СМІ: грамадзяніна Беларусі асудзілі за падрыхтоўку тэракту на заданьне СБУ

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне, архіўнае фота

Расейскія СМІ з спасылкай на прэс-службу суду паведамілі, што грамадзяніна Беларусі Мацьвея Кітова асудзілі на 25 гадоў за падрыхтоўку тэракту на заданьне СБУ.

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прызнаў вінаватым паводле некалькіх артыкулаў грамадзяніна Беларусі, які, як сьцьвярджаецца, на заданьне Службы бясьпекі Ўкраіны рыхтаваў падрыў пункту адбору на вайсковую службу па кантракце ў Новарасійску, перадаюць расейскія СМІ, у прыватнасьці «Интерфакс», з спасылкай на прэсавую службу суду.

Раней паведамлялася, што затрыманы — 2000 году нараджэньня.

Паводле сьледчых, у сьнежні 2024 году, калі ён быў у Краснадары, Мацьвей Кітоў пагадзіўся на супрацоўніцтва з асобай, якая прадставілася супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны. А ў лютым 2025 году атрымаў заданьне ўзарваць пункт адбору на кантрактную службу ў Новарасійску і 805 даляраў на рэалізацыю тэракту.

У тым самым месяцы ён забраў з схованкі ў Новарасійску кампанэнты выбуховай прылады і перахаваў іх у іншым месцы, а таксама атрымаў інструкцыю па зборцы. Неўзабаве пасьля гэтага яго затрымалі і абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу Расеі:

  • праходжаньне навучаньня з мэтай ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці,
  • падрыхтоўка да ўчыненьня тэрарыстычнага акту,
  • незаконныя набыцьцё, перадача, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньне выбуховых рэчываў ці выбуховых прыладаў,
  • аказаньне дапамогі праціўніку ў дзейнасьці, заведама накіраванай супраць бясьпекі Расеі.

Кітоў прызнаў віну. Апроч 25 гадоў зьняволеньня, суд аштрафаваў яго на больш як 3,5 тысячы даляраў у пераліку.

Першыя 5 гадоў тэрміну да адпраўкі ў калёнію строгага рэжыму яму давядзецца адбыць у турме.

ТАСС з спасылкай на ўправу ФСБ па Краснадарскім краі апублікавала відэа затрыманьня і сьледчых дзеяньняў з абвінавачаным. Год таму пашыраная вэрсія гэтага відэа выйшла на канале расейскага «Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту». Прычым у апісаньні да ранейшага відэа — хутчэй за ўсё, памылкова — сьцьвярджалася, што затрыманы — грамадзянін Расеі 2009 году нараджэньня, датычны да падпалаў рэлейных шафаў і трансфарматарнай падстанцыі на чыгунцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 10 верасьня: грамадзяніна Расеі асудзілі ў Беларусі «за экстрэмізм»