Лукашэнка анансаваў дадатковае дзяржаўнае рэгуляваньне ў прыватных установах адукацыі

Вучні ідуць у школу. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства эканомікі Беларусі падрыхтавала праект закону аб расшырэньні выкарыстаньня ліцэнзаваньня ў сфэры адукацыі, аховы здароўя і жыльлёва-камунальных паслуг. 10 верасьня прапановы абмеркавалі на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

У прыватнасьці, абмяркоўвалі ўвядзеньне ліцэнзаваньня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, паслуг па мантажы і абслугоўваньні дамафонаў, а таксама зьмену патрабаваньняў да мэдычнага пэрсаналу ў прыватным сэктары аховы здароўя.

«Калі мы гаворым аб абмежаваньнях, то яны зьяўляюцца вымушанымі і павінны быць скіраваныя на карысьць, а не на шкоду. Задача — абараніць жыцьцё і здароўе людзей, забясьпечыць бясьпеку дзяржавы», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Камэнтуючы прапанаваныя абмежаваньні ў сфэры адукацыі, Лукашэнка заявіў, што гаворка ідзе не аб «закручваньні гаек, як часам спрабуюць гэта гэта паднесьці неахайныя СМІ або псэўдаэкспэрты, якія ўцяклі за мяжу».

«Мы пасьлядоўна цягам шэрагу гадоў даўладкоўваем дзяржаўнае рэгуляваньне адукацыйнай дзейнасьці. Асноўнае патрабаваньне ў гэтым пытаньні — абараніць нашых дзяцей ад рознага кшталту прайдзісьветаў, забясьпечыць роўныя ўмовы працы як для дзяржаўных, так і для прыватных суб’ектаў», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заклікаў урад пралічыць магчымую рэакцыю грамадзтва на новаўвядзеньні, «якія могуць выклікаць нэгатыўны водгук».

У сфэры аховы здароўя прапануюць абмежаваць магчымасьць пераходу лекараў зь дзяржаўных у прыватныя клінікі, а для гэтага павялічыць стаж працы з трох да сямі гадоў у дзяржаўных установах і зрабіць абавязковай наяўнасьць ня менш за першай катэгорыі, у тым ліку і для сярэдніх мэдычных супрацоўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зь першай катэгорыяй і вышэй». Да лекараў прыватных мэдцэнтраў у Беларусі павысяць патрабаваньні

Чаму гэта важна

У Беларусі пасьля 2020 году колькасьць прыватных устаноў адукацыі скарацілася да мінімуму пасьля маштабных праверак і ўвядзеньня ў 2022 годзе жорсткіх правілаў ліцэнзаваньня для прыватных школ і дзіцячых садкоў.

Цяпер, паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, засталося 1-2 прыватныя дзіцячыя садкі, 6 прыватных сярэдніх школ і 9 вышэйшых навучальных устаноў.

Прыватны сэктар аховы здароўя таксама сутыкнуўся з беспрэцэдэнтным ціскам, але сытуацыя ў гэтай галіне крыху лепшая, чым у прыватнай адукацыі: паводле Міністэрства аховы здароўя ў Беларусі дзейнічаюць да 1950 аб’ектаў прыватнай формы ўласнасьці, аднак у гэты лік уваходзяць ня толькі клінікі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, стаматалягічныя кабінэты, кабінэты масажу, оптыкі і гэтак далей. Колькасьць паўнавартасных мэдычных цэнтраў не перавышае 550 устаноў.

У 2020 годзе прадстаўнікі сфэры адукацыі і аховы здароўя, у тым ліку прыватных устаноў, актыўна падтрымлівалі пратэсты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«То пракурор прыйдзе ў клясу, то міліцыянт». На што скардзяцца бацькі школьнікаў пасьля пачатку навучальнага году