Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што беларускія і казахстанскія вайскоўцы, якія бяруць удзел у супольных вучэньнях «Лясное братэрства—2026», перамясьціліся ў Берасьцейскі і Маларыцкі раён, дзе павіны пераадолець 40 кілямэтраў па лясіста-балоцістай мясцовасьці.
На поўдні Маларыцкі раён мяжуе з Ковельскім раёнам Валынскай вобласьці Ўкраіны.
У штабе супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», 10 верасьня 2026
«Цягам двух дзён выведнікі адпрацуюць арганізацыю засад, пошук схованак, выхад у раён выведкі і зьнішчэньне ўмоўных незаконных узброеных фарміраваньняў. У ролі праціўніка выступаюць рэальныя падразьдзелы Ўзброеных сіл, якія арганізуюць засады, вядуць назіраньне, маскіруюцца і мяняюць тактыку дзеяньняў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Супольныя беларуска-казахстанскія вучэньні «Лясное братэрства» пачаліся ў Беларусі 6 верасьня. Колькасьць далучаных вайскоўцаў з абодвух бакоў не ўдакладняюць, але сьцьвярджаюць, што яна парытэтная. Першыя этапы манэўраў адбываліся на палігоне «Берасьцейскі».
На супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», 10 верасьня 2026
Адметна, што сродкі масавай інфармацыі Казахстану паведамляюць аб вучэньнях толькі з спасылкай на Міністэрства абароны Беларусі. На сайце вайсковага ведамства Казахстану ўвогуле адсутнічае інфармацыя аб удзеле казахстанскіх вайскоўцаў у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Пакуль што ў публічнай прасторы адсутнічаюць камэнтары прадстаўнікоў улады на гэтую тэму.
Дэсантнікі з Казахстану, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях «Лясное братэрства–2026» у Беларусі, 6 верасьня 2026
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Такаеў на сустрэчы з Пуціным прапанаваў «замарозіць» вайну Расеі супраць ЎкраіныЯк разьвівалася вайсковая супраца Беларусі і Казахстану
Двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Казахстану актывізавалася ў 2022 годзе, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Да гэтага часу беларускія і казахстанскія вайскоўцы ўдзельнічалі толькі ў вучэньнях, што праводзіліся ў межах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
У жніўні 2022 году адбыліся першыя двухбаковыя вайсковыя вучэньні — тады беларускія вайскоўцы вылецелі ў Казахстан на супольныя тактыка-спэцыяльныя вучэньні на палігон «Кактал». Тады вучэньні праходзілі таксама і ў гарах.
У 2023 годзе двухбаковых супольных вучэньняў не праводзілі ні на тэрыторыі Беларусі, ні на тэрыторыі Казахстану.
У 2024 годзе ўпершыню адбыліся вучэньні «Лясное-братэрства». Яны таксама праходзілі на палігоне «Берасьцейскі». Тады ад Казахстану ўдзельнічалі 50 дэсантнікаў.