Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, па адной сьвідравіне прабурылі на Паўднёва-Асташкавіцкім і Масквічоўскім радовішчах, а таксама на Асташкавіцкай пляцоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прыбытак беларускіх НПЗ — найвышэйшы за дзесяцігодзьдзеШто папярэднічала і чаму гэта важна
Згодна зь інфармацыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольля, у Беларусі выявілі 96 радовішчаў нафты, 62 зь якіх распрацоўваюцца. Прамысловыя запасы нафты ацэньваюць у 46,2 мільёна тон. Штогод у Беларусі здабываюць менш за 2 мільёны тон нафты.
Аляксандар Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што ня верыць, каб у Беларусі выпампавалі ўсю нафту, і патрабуе шукаць лепей.
Раней у прадпрыемстве «Беларуснафта» заяўлялі аб плянах завяршыць разьведку запасаў нафты да 2035 году.
Паводле ацэнак спэцыялістаў, цяпер ступень вывучанасьці пэрспэктыўных тэрыторый у краіне ўжо дасягае каля 70%. Каб наблізіцца да поўнай разьведкі, у бліжэйшыя гады плянуецца маштабная праграма бурэньня — у тым ліку будаўніцтва каля 355 эксплуатацыйных і 176 пошукава-разьведвальных сьвідравін.
Асноўныя работы сканцэнтраваныя ў Прыпяцкім прагіне — галоўным нафтавым рэгіёне краіны. Тут ужо праводзяцца сучасныя 3D-сэйсьмічныя дасьледаваньні, якія дазваляюць больш дакладна вызначаць месцы заляганьня вуглевадародаў. Тэктанічная структура займае амаль усю Гомельскую вобласьць, а таксама часткова — Менскую і Берасьцейскую.
Да 2030 года плянуюць ахапіць сэйсьмічнымі дасьледаваньнямі ўсе ключавыя зоны, а да 2035-га — стварыць поўную лічбавую мадэль рэгіёну. Экспэрты падкрэсьліваюць, што гаворка не ідзе пра «бясконцыя» запасы: Беларусь не зьяўляецца буйной нафтавай дзяржавай, але мэтай зьяўляецца максымальна поўнае вывучэньне і выкарыстаньне наяўных рэсурсаў. Агулам Беларусь займае 41-е месца ў сьвеце па запасах нафты.