Дзьмітрыя Лаеўскага асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі і ўзялі пад варту ў залі суду. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў сябар і былы калега Лаеўскага Яўген Пыльчанка.
Адваката Лаўескага абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Падставай для абвінавачаньняў, паводле якіх Лаеўскаму вынесьлі прысуд, сталі ягоныя інтэрвію розным незалежным беларускім мэдыя.
У 2020–2021 гадах Дзьмітры Лаеўскі абараняў палітыка Віктара Бабарыку і адваката Максіма Знака. Адразу пасьля вынясеньня прысуду Бабарыку Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў. Падставай для гэтага стала яго выступленьне ў судовых спрэчках у гэтай гучнай справе, якую праваабаронцы на самым пачатку паводле шэрагу прыкметаў назвалі палітычна матываванай.
Тады, паводле дысцыплінарнай камісіі, Лаеўскі «публічна даў ацэнку выступам і прававым пазыцыям абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе».
Віктар Бабарыка назваў прысуд «жахлівай несправядлівасьцю».
«Нават разумеючы, што ў нас у краіне прававы дэфолт і што гэта далёка ня першы прысуд сумленным людзям, усё адно не магу паверыць, што гэта здарылася зь Дзімам. Яго асудзілі проста за выкананьне свайго прафэсійнага абавязку — за строгае захаваньне адвакатскай і чалавечай этыкі», — напісаў у фэйсбуку былы палітвязень і прэтэндэнт у прэзыдэнты на выбарах 2020 году Віктар Бабарыка, калі даведаўся пра прысуд Дзьмітрыю Лаеўскаму.
Максім Знак напісаў, што прыклад Лаеўскага паказвае, наколькі небясьпечна цяпер быць у краіне для сумленных і людзей.
«Мой сябра і адвакат Зьміцер Лаеўскі— за кратамі. Згодна прысуду — на тры гады. За тое што сумленна рабіў сваю працу і казаў праўду. Артыкулы з КК ня маюць ніякага значэньня — там няма такіх „за праўду“, „за сумленнасьць“, але насамрэч асуджаюць за гэта. Ён ня зьехаў зь Беларусі, рабіў сваю працу да апошняга і паказаў сёньня для ўсіх, хто хоць на імгненьне пачаў сумнявацца, наколькі „бясьпечна“ знаходзіцца ў краіне», — напісаў у фэйсбуку юрыст і былы палітвязень Максім Знак.
У 2011–2012 гадах Лаеўскі быў адвакатам праваабаронцы, кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Пасьля гэтай справы пад ціскам ён быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць адвакатуру.
У жніўні 2025 году ўлады дадалі ў сьпіс экстрэмістаў арганізацыю «Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека». Паводле сілавікоў, дачыненьне да яе меў і Лаеўскі. Акрамя яго, у пераліку асобаў, нібыта датычных да ініцыятывы, называліся Натальля Мацкевіч, Тацьцяна Лішанкова, Марыя Колесава-Гудзіліна, Уладзімер Пыльчанка, Дзьмітры Лепрэтар.