Ужо сёньня. Гадавіна стварэньня «Бацькаўшчыны» — Згуртаваньня беларусаў сьвету

Устаноўчая канфэрэнцыя Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ў 1990-м годзе.

Падзеі і даты 10 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Падзея дня

10 верасьня 1990 году ў Менску было створанае Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», якое арганізацыйна аб’ядноўвае ўсе беларускія асяродкі ва ўсім сьвеце. 14 ліпеня 2021 году ў офісе «Бацькаўшчыны» ў Менску адбыўся ператрус, а памяшканне апячаталі. 20 жніўня 2021 году стала вядома, што Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь». 24 верасьня Вярхоўны суд (судзьдзя Рыма Філіпчык) з падачы Міністэрства юстыцыі ліквідаваў аб’яднаньне. Цяпер яно дзейнічае ў выгнаньні.

Гэты дзень у гісторыі

1517 Францішак Скарына выдаў у Празе «Кнігу Ёва».

Помнік Францішку Скарыну ў Празе

1721 — скончылася Вялікая Паўночная вайна паміж Расеяй і Швэцыяй. Яна мела катастрафічныя наступствы для беларускіх земляў — насельніцтва на іх скарацілася ад прыкладна 2,2 да 1,5 млн чалавек. Людзі гінулі ня столькі ад вайсковага гвалту, колькі ад эпідэміяў і голаду, да якога прывяла тактыка «выпаленай зямлі». У 1717 годзе пад ціскам Пятра Першага войска ВКЛ скарацілі да 6200 жаўнераў, а Кароны Польскай— да 18 тысяч. Расея у выніку вайны здабыла новыя тэрыторыі на захадзе, абвясьціла сябе імпэрыяй і стала паноўнай сілай ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе.

1996 — Генэральная Асамблея ААН прыняла Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў. Дамова дасюль не набыла моцы, бо для гэтага яе павінны ратыфікаваць усе 44 дзяржавы, якія мелі ядзерныя энэргетычныя або дасьледчыя рэактары на момант яе прыняцьця. Індыя, Паўночная Карэя і Пакістан дамову ўвогуле не падпісалі. Расея ратыфікавала дамову ў 2000 годзе, але ў лістападзе 2023-га адклікала ратыфікацыю. Такім чынам, дамову не ратыфікавалі 9 краін: ЗША, Ізраіль, Індыя, Іран, Кітай, Пакістан, Паўночная Карэя, Расея і Эгіпет.

2008 — упершыню па 27-кілямэтровым кальцы Вялікага адроннага каляйдэра — наймагутнейшага ў сьвеце паскаральніка элемэнтарных часьціц — запусьцілі пучок пратонаў.

Агульны выгляд Вялікага адроннага каляйдэра ў Эўрапейскай арганізацыі ядзерных дасьледаваньняў (CERN). Сэн-Жэні-Пуі, Францыя, 2014 год

2020 — Літоўскі парлямэнт прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую нацыянальна абраным лідэрам. Аляксандра Лукашэнку назвалі нелегітымным кіраўніком.

У гэты дзень нарадзіліся

1893Аляксандар Ляўданскі, беларускі гісторык і археоляг (расстраляны НКВД). Арганізатар першых у Беларусі навуковых археалягічных экспэдыцый. Зрабіў клясыфікацыю гарадзішчаў жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалягічную прыналежнасьць і арэалы археалягічных культур. Першы выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Дасьледаваў Віцебск, Воршу, Заслаўе, Барысаў і тэрыторыю Смаленшчыны.

1923Мікола Бірыла, мовазнавец, акадэмік, спэцыяліст у анамастыцы.

1929 Яўген Глебаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі.

Васіль Быкаў і Яўген Глебаў

1979Янка Лайкоў, паэт, перакладнік, крытык.

Памерлі

1866Міхаіл Мураўёў, расейскі генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю, душыцель вызвольных памкненьняў беларускага люду і русыфікатар.

1937Язэп Мамонька, палітычны дзяяч, расстраляны ў Карэліі, ахвяра сталінізму.

Язэп Мамонька

1942 Павал Хоміч, каталіцкі сьвятар, расстраляны, ахвяра сталінізму.

1974Мэльхіёр Ваньковіч, пісьменьнік.

1990 Міхась Саўка, мастак і рэстаўратар.