Міністар транспарту і камунікацый Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што Літва пакуль ня мае намеру прытрымлівацца прыкладу Латвіі і забараняць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь:
«Гэта паніка Арвідаса Анушаўскаса. Няхай ён сам і панікуе, а мы ацэньваем сытуацыю цьвяроза. Мы заўсёды трымаем руку на пульсе, заўсёды ўзважваем. Цяпер таксама пэрыядычна даем гэтаму ацэнку, але рэзкіх рухаў рабіць дакладна ня будзем», — заявіў міністар журналістам, піша агенцтва BNS.
Так ён адрэагаваў на заклік кансэрватыўнага палітыка з Сейма Літвы Арвідаса Анушаўскаса да ўраду краіны далучыцца да плянаў Латвіі забараніць аўтобусныя рэйсы ў Расею і Беларусь.
Прэм’ер Літвы Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што ў Літвы ёсьць магчымасьць абмежаваць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і поўнасьцю закрыць мяжу з гэтай краінай, аднак такія рашэньні павінны грунтавацца на ацэнцы бясьпекі.
«У нас ёсьць магчымасьць і плян абмежаваньня або нават поўнага закрыцьця мяжы, але гэта трэба рабіць не па палітычных матывах, а з улікам кантэксту бясьпекі», — сказаў Сінкявічус журналістам.
«На сёньняшні дзень падобных указаньняў ад вайсковай выведкі ў нас няма. Адносіны з беларусамі, безумоўна, напружаныя з-за розных правакацый і інструмэнталізаванай міграцыі, але зараз вырашаць пытаньні па палітычных матывах, я думаю, ня варта», — дадаў ён.
Міністэрства зносін Латвіі ў панядзелак аб’явіла, што прадставіла ўраду праекты паправак да Закону аб аўтамабільным транспарце, якія прапануюць з наступнага года цалкам спыніць пасажырскія перавозкі ў Расею і Беларусь.
Згодна з прапанаванымі папраўкамі, будуць забароненыя рэгулярныя і нерэгулярныя міжнародныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі ў Расею і Беларусь, а таксама транзыт праз тэрыторыю Латвіі ў гэтыя краіны.
Літоўскі міністар таксама падкрэсьліў, што рашэньні Літвы не павінны грунтавацца на ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Латвіі.
«У Латвіі будуць выбары, і цяпер там будзе вельмі шмат розных рашэньняў, якія паўплываюць на маючыя адбыцца праз месяц, у кастрычніку, выбары. Таму сапраўды дзіўна, калі некаторыя нашы палітыкі пачынаюць рэагаваць на ўнутраныя выбары ў Латвіі, не выключаючы пры гэтым пагрозы геапалітычнай сытуацыі, — сказаў ён.— Мы не ўзважваем усе свае рашэньні ў залежнасьці ад таго, што адбываецца ў Латвіі ў сувязі з выбарамі. Яны прадставілі законапраект, пытаньне ў тым, ці будзе ён прыняты. Таксама ня трэба забываць і пра іншых партнэраў, ня толькі пра Латвію, але і пра Польшчу», — сказаў Тамінскас.
Чаму гэта важна
Літва застаецца важным і адным з найбольш загружаных кірункаў для аўтобуснага руху зь Беларусі ў Эўразьвяз.
Чыгуначны і авіяцыйны пасажырскі рух паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу застаецца закрытым.
Як пісала агенцтва BNS, у афіцыйным сьпісе Літоўскай адміністрацыі транспартнай бясьпекі зараз ёсьць 29 дзейных дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі паміж Літвой і Беларусьсю ды Расеяй, або транзытам праз Літву. 17 зь іх — гэта маршруты з Вільні ў Менск, Горадню, Гомель, Ліду і Ашмяны.