Экспэрты на прыкладзе Telegram дасьледавалі зьмены ў беларускай прапагандзе: «Украіну ўсё часьцей робяць ворагам»

Пост Telegram-каналу «Пул Первого» пра тое як у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі выставілі карціну, дзе намаляваныя ён сам і яго сын Мікалай з аўтаматамі ў руках падчас падзей 2020 году ў Менску

«Цэнтар новых ідэй» прадставіў дасьледаваньне таго, як мянялася дзяржаўная прапаганда Беларусі са студзеня 2025 па травень 2026 году.

Аб’ектам вывучэньня стаў беларускі сэгмэнт Telegram — дзяржаўныя і аўтарскія каналы папулярнага мэсэнджара, якія падтрымліваюць Лукашэнку.

Ахоп аўдыторыі, паводле дасьледчыкаў, за вывучаны пэрыяд часу вымяраецца больш як 3 мільярдамі праглядаў. Гэта пазначыў падчас анлайн-прэзэнтацыі дакладу «Мэпінг беларускай прапаганды: як працуе праўладны Telegram і хто ім кіруе?» дасьледчык «Цэнтру новых ідэй» Аляксей Стуканаў.

Ён паведаміў, што ўдалося прааналізаваць больш за 170 тысяч публікацый, зьмешчаных на 33 праўладных Telegram-каналах. Лідэрамі па аўдыторыі сярод гэтых каналаў застаюцца канал «Пул первого», зьвязаны з Лукашэнкам, і канал з прарасейскай ваеннай рыторыкай «Белорусский силовик». Але ёсьць і невялікія каналы, такія як «Невольфович» з аўтыторыяй у 60 разоў меншай.

Увогуле Стуканаў адзначыў, што за 17 месяцаў прагляд праўладнага кантэнту ў вывучаных экспэртамі каналах зьнізіўся на 37%, але зробленыя імі заўвагі, на ягоную думку, зацікавяць дэмакратычных палітыкаў і актывістаў, незалежных журналістаў і шырокае кола беларусаў дэмакратычных поглядаў.

Зьмена галоўнага ворага

Адно з адкрыцьцяў дасьледаваньня — паварот увагі праўладных ТГ-каналаў з унутраных тэмаў на зьнешнія. Паводле Аляксандра Стукавана ў студзені 2025 году 25% агульнага кантэнту прысьвячаліся ўнутраным тэмам, а ў траўні 2026 году — толькі 17%.

«Увогуле ўнутраная палітыка ўжо не на першым месцы, а вось да зьнешняй, наадварот, інтарэс расьце. Ён павялічыўся з 16% да 25%», — адзначыў дасьледчык.

Сярод унутраных тэмаў, паводле Стуканава, прапагандзе стала менш цікавая тэма рэпрэсій і ўвогуле апазыцыі.

«Яны практычна зьнікаюць з парадку дня ў канцы пэрыяду дасьледаваньня», — сказаў экспэрт.

Тую ж тэндэнцыю на зьмяншэньне Стуканаў адзначыў і ў прысутнасьці «вобразу ворагу» ў публікацыях ТГ-каналаў.

«У сярэднім яшчэ кожны пяты пост ТГ-каналаў — пра ворагаў, але мяняецца тое, каго прызначаюць ворагам. І тут мы бачым, як унутранага праціўніка выціскае зьнешні», — адзначыў дасьледчык.

Паводле яго, сярод ворагаў праўладныя ТГ-каналы ўсё часьцей прапануюць беларусам Украіну і яе жыхароў.

«Да і пасьля 2020 году прапаганда будавалася вакол гэтак званых унутраных ворагаў, такіх, як „апазыцыя“, „пятая калёна“, якія потым сталі замяняцца наратывам пра „беглых“. Але за апошнія паўтара году сытуацыя зьмянілася: наратыў пра ворага ў выглядзе апазыцыі падае да 10%, затое вырастаюць наратывы пра зьнешнія ворагаў, у тым ліку пра Ўкраіну. Ужо ў 26% згадваньняў прапаганды пра Ўкраіну яна называецца ворагам. Больш за тое, цяпер мы бачым, што як „актыўны вораг“ Украіна ў вачах дзяржаўнай прапаганды займае нават першае месца», — адзначае Аляксандр Стуканаў.

Паводле ягонага дасьледаваньня «калектыўны Захад» у якасьць ворага Беларусі фігуруе ў 37% згадваньняў, а сярод эўрапейскіх краін часьцей за ўсё ворагамі называюць Польшчу, Літву і Нямеччыну.

Некачаныя тэндэнцыі

Дасьледчык адзначыў тэндэнцыі, якія сталі і для яго нечаканымі.

«Агрэсіўная рыторыка займае ўсё меншае месца ў праўладным кантэнце. Мова нянавісьці і агрэсія ў цэлым зьніжаюцца. Паводле нашых зьвестак у 91% пастоў увогуле няма мовы нянавісьці — толькі 3% пастоў цалкам высокатаксічныя. Гэта сканцэнтравана ў малой групе камэнтатараў, кшталту Азаронка і Бондаравай, у якіх гэтыя паказчыкі зашкальваюць: у Бондаравай — каля 27% агрэсіўнага кантэнту пры 9% у сярэднім, а ў Азаронка — каля 20% агрэсіўнага кантэнту».

Пры гэтым дасьледчык адзначае, што ўсё роўна 30% пастоў у праўладных ТГ-каналах маюць агрэсіўны тон і гэтак ці інакш трансьлююць «вобраз ворага».

«Відавочна, што прапаганда нармалізуе сваю мову, рыторыка дзяржаўных каналаў зьмякчаецца, але агрэсія ў іх застаецца, асабліва ў аўтарскіх каналах. Прапагандзе важна пакідаць пэўны адсотак агрэсіўнага і звышагрэсіўнага кантэнту, каб прывабліваць аўдыторыю», — мяркуе Аляксандр Стуканаў.

Крызіс дзяржаўнай прапаганды

Паводле аўтара дасьледаваньня дзяржаўныя і праўладныя ТГ-каналы цяпер перажываюць пэўны крызіс арыгінальнасьці публікацый.

«Мы называем гэты стан крызісам, бо каля 52% усяго кантэнту — гэта капіяваньне ці абагульненьне дзяржаўных крыніц. Нават тыя каналы, якія раней імкнуліся стварыць свой арыгінальны кантэнт, цяпер робяць гэта ўсё радзей. Прыкладам, у „Белорусского силовика“ цяпер 84% кантэнту — гэта капіяваньне ці простая агрэгацыя, свайго арыгінальнага — толькі 8%», — даводзіць дасьледчык.

Адну з прычын такой зьявы Аляксандр Стуканаў бачыць у тым, як пабудаваная сетка праўладных ТГ-каналаў.

«Сыстэма вельмі цэнтрычная, дзе ў цэнтры — галоўны дзяржаўная крыніца. Гэта ТГ-канал навінаў пра Лукашэнку „Пул первого“ і „Белорусский силовик“. Далей — каналы, якія інфармацыю распаўсюджваюць. Асноўныя тут — БелТА, які дублюе 37% атрыманага кантэнту, і „Желтые сливы премиум“. А на пэрыфэрыі гэты зьмест толькі прымаюць і зьмяшчаюць у сябе. Наўпроставай сувязі паміж пэрыфэрыйнымі каналамі малыя, хаця агульны абмен кантэнтам унутры сеткі вырас. 55% рэпостаў — гэта з „Пул первого“. То бок прэзыдэнцкі ТГ-канал застаецца ядром сыстэмы», — адзначыў Аляксандр Стуканаў.

Прапаганда ў тварах палітыкаў

Паварот ад унутраных да зьнешніх тэмаў прапаганды выявіўся і ў тым, хто з палітыкаў часьцей фігуруе ў пастах ТГ-каналаў, заўважыў дасьледчык.

«Унутраны парадак дня цалкам сканцэнтраваны на Лукашэнку, але ў зьнешнім сытуацыя цяпер іншая. Там ужо лідзіруе Дональд Трамп. Прычым ён атрымлівае больш увагі прапаганды, чым нават Пуцін», — адзначыў аўтар дакладу.

Паводле Аляксандра Стуканава чацьвёрты радок у сьпісе тых палітыкаў, якіх найчасьцей згадваюць у праўладных беларускіх ТГ-каналах, займае прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Далей з вялікім адрывам ад яго ідуць беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу Натальля Качанава і Ігар Сяргеенка.

Асноўныя высновы дасьледаваньня

Падводзячы рысу пад дасьледаваньнем, экспэрт Аляксандр Стуканаў зазначыў: як і беларускі палітычны рэжым, дзяржаўная прапаганда цяпер адчувае сябе дастаткова ўпэўнена ў параўнаньні з 2020 годам, таму дазваляе сабе зьнізіць градус агрэсіі ў рыторыцы і перамясьціць фокус увагі з унутраных тэм на зьнешнія.

Але зьмянілася толькі абалонка, а ня сутнасьць прапаганды, мяркуе дасьледчык.

«Раней, калі людзі думалі пра беларускую прапаганду, яны звычайна казалі пра вельмі таксычную інфармацыю, якую можна адразу заўважыць, вызначыць як небясьпеку і трымацца ад яе далей. Паводле ж гэтага дасьледаваньня такія погляды ўжо састарэлі. Цяпер прапаганда дастаткова ўдала маскіруе свае наратывы. Гэта робіцца нібыта нэўтральнасьцю, зьніжаным узроўнем агрэсіі, у палове пастоў няма наўпроставага апраўданьня ці нават згадкі ўладаў. Але ўсё роўна гэта прапаганда. Беларусам гэта трэба разумець і быць яшчэ больш разборлівым і ўважлівым, калі яны падпісваюцца на ТГ-каналы ды становяцца іх спажыўцамі», — зазначыў дасьледчык «Цэнтру новых ідэй» Аляксандр Стуканаў.

З самім дакладам можна азнаёміцца тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускую Вікіпэдыю «афіцыйным» правапісам пачалі цэнзураваць, прыбіраючы цэлыя артыкулы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зьбеглыя», «нацысты», «бандыты». Чаму абвастрылася мова варожасьці ў паведамленьнях дзяржаўных ведамстваў?