Ікону ксяндза Акалатовіча зноў выставілі на продаж, бо першы пакупнік адмовіўся
У ліпені 2026 году ікону «Ўваскрэсеньне Хрыста з гробу» выстаўлялялі на таргі БелЮрЗбесьпячэньня за 3200 рублёў, але пакупнік не аплаціў пакупку.
Цяпер ікона выстаўленая ізноў — ужо за 2400 рублёў. У апісаньні іконы сказана, што яна старажытнае і мае гістарычнае і культурнае значэньне:
«Дрэва, алей; другая палова — канец XVIII ст. памер 31×31 см. Абраз уяўляе сабой эўрапейскі варыянт сюжэту „Уваскрасеньне Хрыста“, верагодна, створаны для сьвяточнага шэрагу іканастаса. Абраз адносіцца да ўзораў рэлігійнага жывапісу ў акадэмічным стылі. Мае гістарычнае і мастацкае значэньне, уяўляе цікавасьць як аб’ект культурнай спадчыны».
Таксама ўлады беспасьпяхова спрабавалі прадаць зямельны ўчастак ксяндза ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёну. Адну з машын Генрыха Акалотовіча прадалі, другая, Volkswagen Transporter 2007 года, зараз прадаецца на аўкцыёне за 16860 рублёў.
Хто такі Генрых Акалатовіч
Сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году. Сёлета 8 красавіка Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні 65 гадоў.
Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу за «здраду дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведак, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».
Пра вызваленьне сьвятароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча, асуджаных на 11 і 13 гадоў калёніі адпаведна, паведамілі ў лістападзе 2025 году.
Сьвятара пасьля вызваленьня ў лістападзе 2025 году вывезьлі разам з айцом Анджэем Юхневічам вывезьлі ў Рым, дзе яны аднаўляюцца пасьля доўгага зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 7 верасьня: 73-гадовага былога вайскоўца асудзілі па палітычнай справеЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.