«ДДБ перадаў у Дэпартамэнт міграцыі заключэньні аб дзейнасьці 22 грамадзян Беларусі ў Літве — асобы, якія працавалі ў тэхналягічнай кампаніі, абвешчаныя пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы. Іх дазволы на часовае пражываньне ў Літве анулявалі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
Усім забаранілі вяртаньне ў Літву і ўезд у Шэнгенскую зону на пяць гадоў.
У дэпартамэнце адзначылі, што кампанія, у якой працавалі беларусы, ужзельнічала ў праекце Агенцтва касьмічнай праграмы Эўрапейскага зьвязу (EUSPA) і махлярскім шляхам атрымала амаль 0,5 мільёнаў эўра.
У часе расьсьледаваньня, якое арганізавала Эўрапейская пракуратура, а правяла Служба расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў у супрацы з ДДБ, высьветлілі, што кампанія прыхоўвала сувязі з расейскай і беларускай вайсковай прамысловасьцю.
У межах праекту EUSPA стваралі прымальнікі спадарожнікавай навігацыі высокай дакладнасьці, здольныя выкарыстоўваць паслугу Galileo у сфэры сельскай гаспадаркі і дакладнага земляробства.
Агульны бюджэт праекту дасягаў больш за адзін мільён эўра, зь якіх больш за 745 тысяч фінансавала EUSPA. Кампанія фактычна атрымала 447 272 эўра.
Што папярэднічала
2 верасьня агенцтва BNS паведаміла, што дваіх беларусаў — бацьку і сына — асудзілі за махлярства з фондамі ЭЗ на 0,5 млн эўра і завалоданьне стратэгічнай інфармацыяй. Асуджаныя «ўтойвалі сувязі з вайсковай прамысловасьцю Расеі і Беларусі». Прозьвішчы асуджаных не называлі.
Сёлета ў сакавіку ў несакрэтнай частцы новай штогадовай ацэнкі пагроз нацыянальнай бясьпецы Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны згадвалі дзьве тэхналягічныя кампаніі, зьвязаныя зь беларусамі.
Паводле выведкі, Расея і Беларусь, прыкрываючыся створанымі ў сэктары высокіх тэхналёгій у Літве кампаніямі UAB NTLab і UAB Kosminis Vytis, атрымлівалі для вайсковай прамысловасьці тэхналёгіі. Заснавальнікам гэтых кампаній быў грамадзянін Беларусі Дзьмітры Чарнякоўскі, які кіраваў кампаніямі разам з сынам Мікалаем і дачкой Дар’яй.
«Насуперак сваім заявам, апошнія, разьвіваючы сваю дзейнасьць у Літве, не спынілі сувязі з Расеяй і Беларусьсю — яны кантралявалі свае кампаніі ў гэтых краінах і падтрымлівалі дачыненьні з арганізацыямі, зьвязанымі з расейскай і беларускай вайсковай прамысловасьцю», — адзначалася ў справаздачы.
Паводле спэцслужбаў Літвы, Мікалай Чарнякоўскі ўзначальваў кампаніі ў Расеі — Navitron і Sainstech. У групу кампаній, пад кіраўніцтвам гэтых бізнэсоўцаў, таксама ўваходзілі беларускія кампаніі SoftSistemz, NaviIS і MikroDizain.
Кампаніі групы NTLab у Расеі і Беларусі ўдзельнічалі ў распрацоўцы вайсковых праграм, супрацоўнічалі зь Беларускай вайсковай акадэміяй і навукова-тэхнічным цэнтрам LEMT, а таксама з расейскімі паркам высокіх тэхналёгій «Сколкава», навукова-тэхнічным цэнтрам «Модуль», кампаніяй «Мікрон» і іншымі арганізацыямі, большасьць зь якіх знаходзяцца паж міжнароднымі санкцыямі.
«NTLab і Kosminis Vytis заяўлялі, што яны зьяўляюцца літоўскімі кампаніямі, якія нібыта ня маюць сувязяў зь менскім і крамлёўскім рэжымамі. Аднак літоўская назва была для іх толькі прыкрыцьцём для рэалізацыі сваіх інтарэсаў. Дзейнасьць і сувязі гэтых кампаній у Расеі і Беларусі ўяўлялі пагрозу для інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі — яны стваралі магчымасьці для расейскіх і беларускіх структур, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, завалодаць тэхналёгіямі, распрацаванымі ў Літве і іншых краінах, і тым самым спрыяць умацаваньню рэжымаў Крамля і Менску», — паведамляецца ў дакумэнце.
Вясной 2025 году ўлады Літвы спынілі дзейнасьць гэтых кампаній. У рэестры юрыдычных асобаў адзначаецца, што летась у NTLAB, UAB працавала якраз 22 чалавекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У выведцы Літвы расказалі пра галоўныя фактары рэгіянальнай бясьпекі. Пагрозы з боку Расеі і Беларусі застаюццаЧаму гэта важна
Міжнародны кансорцыюм журналістаў-расьсьледнікаў паведамляў, што часта, каб атрымаць доступ да заходніх высокіх тэхналёгіяў і іншай канфідэнцыйнай інфармацыі, Расея пры дапамозе падстаўных асобаў рэгіструе кампаніі па ўсім сьвеце ці выкупляе долі ва ўжо існых кампаніях. Гэтая праца каардынуецца з спэцслужбамі расейскай дзяржавы.
Такія кампаніі былі знойдзеныя на Кіпры, у Нямеччыне, краінах Азіі.