Як паведаміла выданьне BBC, сама меней пяць чалавек загінулі.
«Мы можам пацьвердзіць, што загінулі сама меней пяць чалавек», — заявіла мэр акругі Маямі-Дэйд Даніэла Левін Кава на прэсавай канфэрэнцыі. Паводле яе, некалькі чалавек шпіталізавалі з траўмамі.
Кіраўнік пажарнай службы Маямі Раед Джадалах пазьней удакладніў, што пацярпелі пяць чалавек, тры зь іх знаходзяцца ў крытычным стане.
Самалёт належаў кампаніі 21 Air. Пры пасадцы ён выкаціўся за паласу і ўрэзаўся ў аўтамабілі на паркоўцы перад вялікім лягістычным комплексам. Пачаўся пажар, некаторыя пацярпелыя апынуліся заблякаванымі ў аўтамабілях.
Самалёт Boeing 767-300 выконваў рэйс 7598 з міжнароднага аэрапорту ў Пуэрта-Рыка.
Паводле BBC, самалёт быў зроблены ў 1994 годзе і першапачаткова належаў бэльгійскаму перавозьніку Sobelair, а ў 2016 годзе яго пераабсталявалі ў грузавы.
Пасьля інцыдэнту аэрапорт закрылі, у выніку чаго шмат рэйсаў скасавалі або затрымалі. Пазьней работу аэрапорту аднавілі, але папярэдзілі пасажыраў аб магчымых затрымках.
Расьсьледаваньне інцыдэнту вядзе Нацыянальная рада ў бясьпецы на транспарце ЗША (NTSB).