«Плян умацаваньня супрацоўніцтва» на 2026-2027 гады падпісаны 5 верасьня ў Менску паміж беларускім КДБ і віетнамскім Міністэрствам грамадзкай бясьпекі, паведамляе «Позірк» са спасылкай на Народную міліцыю Віетнаму.
Адзначаецца, што гэта адбылося ў рамках трохдзённага візыту ў Беларусь намесьніка міністра грамадзкай бясьпекі Фам Тхе Тунга, які сустрэўся з намесьнікам старшыні КДБ Аляксандрам Церахавым (той узначальваў рэгіянальныя ўпраўленьні КДБ у Горадні, Магілёве і Менску; аб прызначэньні яго намесьнікам старшыні публічна не паведамлялася, але гэта магло быць зроблена 23 ліпеня 2026 году падчас закрытых кадравых прызначэньняў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём КДБ Іванам Тэртэлем і сакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам).
Фам Тхе Тунг і Церахаў «пацьвердзілі надзённую неабходнасьць умацоўваць супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі ва ўмовах нестабільнай і складанай глябальнай і рэгіянальнай сытуацыі».
Віетнамскі чыноўнік «прапанаваў двум ведамствам умацаваць каардынацыю і эфэктыўна выкарыстоўваць канал супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі для перадачы паведамленьняў высокага ўзроўню, абмену важнай інфармацыяй, ацэнкі зьмяненьняў і выклікаў у сьвеце і рэгіёне, абмену інфармацыяй пра пагрозы бясьпецы і дзейнасьці транснацыянальных злачынных груповак, а таксама садзейнічаньня супрацоўніцтву ў галіне кібэрбясьпекі, навукі і тэхнікі і падрыхтоўкі кадраў».
Віетнам як небясьпечнае месца для апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі
Віетнам, якім кіруе адзіная дазволеная партыя — камуністычная, супрацоўнічае з беларускім рэжымам у пытаньні выдачы яго апанэнтаў.
У лістападзе 2024 года з тэрыторыі Віетнаму КДБ вывез былога байца палку Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Пасьля ён быў прыгавораны да 13 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле зьвестак арганізацыі BelPol, у беларускай амбасадзе ў Ханоі з вайсковай выведкай зьвязаныя аташэ ў пытаньнях абароны Вадзім Райчонак і другі сакратар амбасады Аляксандар Мажара; старшы дарадца Алег Голубеў можа быць супрацоўнікам КДБ.