У праекце «Канапа» яна расказвае, чаму беларускае грамадзтва дагэтуль складана прымае аголенае цела, навошта жанчыне фатаграфаваць сябе аголенай, чаму сэкс — адзін з самых складаных для абмеркаваньня бакоў адносіна. А яшчэ — пра свайго мужа Мікіту Мелказёрава і пра тое, чаму пасьля яго сьмерці яна выбрала працягваць жыць.
«Цела — не тавар. Цела — дом»
Для Ліны Цапавай аголенае цела — ня столькі пра сэксуальнасьць, колькі пра свабоду. Яна лічыць, што беларуская культура доўгі час вучыла людзей успрымаць цела як нешта, што трэба хаваць, а жаночае цела — яшчэ і як аб’ект чужой ацэнкі.
Сама яна спрабуе зьмяніць гэтую оптыку. Жанчына можа рабіць аголеныя здымкі не для мужчын, не для сацыяльных сетак і нават не для публікі — а проста для сябе.
«Цела — не тавар. Цела — дом цяпер для мяне і ў пэўным сэнсе інструмэнт. Я рада, што ўсё мяняецца і што зараз аголенае цела больш не табу. Мне здаецца, што калі хоць адна жанчына ці адзін чалавек, які паглядзіць на тое, што я раблю, чым я займаюся, падумае: „О, а можна вось так? А яшчэ можна вось так?“ у кантэксьце таго бэкграўнду, у якім мы вырасьлі, то я буду супэршчасьлівай».
Цапава не пагаджаецца і з тым, што аголеная жанчына нібыта аўтаматычна робіць сябе аб’ектам сэксуальнага погляду. Наадварот, яна кажа пра магчымасьць вярнуць жанчыне права самой вызначаць, што азначае яе цела.
«Нельга папракаць жанчыну ў тым, што яна хоча зрабіць аголеную фотасэсію, адкрываць сваё цела, у тым, што гэта сэксуалізавана. Наадварот, гэта робіцца для сябе — каб запомніць сябе такой, якая ты ёсьць, зрабіць гэта часткай нормы».
На яе думку, такая фатаграфія можа быць спосабам зафіксаваць розныя пэрыяды жыцьця — ня толькі маладосьць і прыгажосьць.
«Гэта дае свабоду, адчуваньне сябе прыгожай, маладой, нармалізацыю любога свайго стану, таму што можна зафіксаваць сябе і ў дэпрэсіі, і ў разводзе, і пасьля родаў. Я рабіла сабе здымкі праз два ці тры месяцы пасьля сьмерці мужа, і для мяне гэта таксама быў такі момант, рубеж. У мяне ўчора была здымка з жанчынай, якая народзіць праз месяц, і гэта было супэрпрыгожа, супэрнатуральна, і здавалася, што ўвогуле нічога больш натуральнага быць ня можа. Гэта проста вянок стварэньня жаноцкасьці. І калі нехта лічыць, што гэта аголенасьць гэта нешта ня годнае, то я хачу сказаць, што жанчына нікому нічога не павінна. Давайце зафіксуем гэта. Я лічу, што кожная жанчына прынамсі раз у жыццьці павінна зрабіць аголеную фотасэсію».
Ліна Цапава і Дзьмітры Гурневіч
«Сэкс паказвае, як насамрэч уладкаваныя вашы адносіны»
Размовы пра цела натуральна прыводзяць Цапаву да размовы пра сэкс. Яна ўдзельнічае ў падкасьце, дзе сэксуальныя тэмы абмяркоўваюцца без маралізатарства і прэтэнзіі на «экспэртнасьць».
На яе думку, сэкс — адна з самых уразьлівых сфэраў у адносінах. І менавіта таму пра яго часта цяжэй гаварыць, чым пра ўсё астатняе.
«Мне здаецца, падкаст першапачаткова нарадзіўся з думкі, што гэта размовы звычайных людзей пра звычайны сэкс — без гэтай экспэртнасьці, маралізатарства і павучаньняў. Гэта прастора, дзе можна свабодна гаварыць пра тое, пра што ты часам нават з партнэрам не размаўляеш: пра свае патрэбы, жаданьні, табу, пра нейкія нязручныя моманты. Мне здаецца, што самыя цяжкія тэмы ў адносінах — гэта сэкс і грошы. А сэкс таму, што мы ўсе вельмі ўразьлівыя. Ты можаш не хацець партнэра, можаш хварэць, у цябе нешта можа не атрымлівацца, ты можаш баяцца не спадабацца. І гэта насамрэч вельмі добрая оптыка на адносіны. Сэкс паказвае, як усё ўладкавана ў вас як у пары. І калі ўсё дрэнна, то, прабачце, сэкс у іх таксама, хутчэй за ўсё, будзе дрэнным».
З гэтай лёгікі вынікае і яе даволі катэгарычны адказ на пытаньне, ці магчымыя адносіны без сэксу. «У маім выпадку — не», кажа Ліна. Пры гэтым яна не спрабуе зрабіць уласны досьвед універсальным правілам: асэксуальныя пары, на яе думку, таксама цалкам нармальныя.
«Дома Мікіта быў прынцэскай»
У апошняй частцы размовы тэма мяняецца цалкам. Пасьля сьмерці Мікіты Мелказёрава Цапава апынулася ў сытуацыі, калі яе асабістае гора таксама стала публічным. Людзі пачалі ацэньваць, як яна перажывае страту: калі яна ўсьміхаецца, падарожнічае, апранаецца прыгожа, выходзіць у сьвет.
Але перад гэтым яна гаворыць пра самога Мікіту — чалавека, якога публіка ведала зусім інакш.
«Дома ён быў прынцэскай. Міленькай кветачкай. Абсалютна добры, шчыры душой чалавек з агромным сэрцам, клапатлівы, уважлівы, вельмі трапяткі, чулы».
Яны былі разам тры гады — два гады як партнэры і амаль год як сям’я. Асобнае месца ў яе ўспамінах займае беларуская мова Мікіты. Яны пачыналі размаўляць па-расейску, але калі сустрэліся, ён ужо пераходзіў на беларускую.
«Ён потым падзяліўся са мной, сказаў, што яго проста захапіла: ты не задала ніводнага пытаньня, чаму я цяпер пішу па-беларуску і чаму я перайшоў. А я люблю беларускую, мне вельмі яна падабаецца. І, па-мойму, я з Сашам Чарнухам дзялілася тым, што першае, рэальна першае, па чым я пачала сумаваць, — гэта яго беларуская мова. Таму што гэта абсалютна для мяне мілагучная, прыгожая, вось такая, якой яна павінна быць, такая, якая яна ёсьць. Калі ў нейкіх пытаньнях падрыхтоўкі да інтэрвію ці зь нейкімі гасьцямі ён пераходзіў на расейскую, ці дома я чула ад яго расейску, я казала: «Божа, не, калі ласка, вярніся назад, бо я ня ведаю гэтага чалавека, я не зь ім жыву».
Ліна Цапава
«Людзі пісалі мне, што бачаць, як хутка загаіліся мае раны»
Пасьля сьмерці мужа Цапава сутыкнулася яшчэ і з чужымі ўяўленьнямі пра тое, як павінна выглядаць гора.
Калі чалавек у жалобе апранаецца ў чорнае, не выходзіць з дому і ня ўсьміхаецца — грамадзтва гэта разумее. Калі ж ён працягвае працаваць, падарожнічаць, сустракацца зь людзьмі і выглядаць жывым, узьнікаюць пытаньні.
Цапава лічыць, што за гэтым стаіць вельмі старая ідэя: любоў трэба даказваць ахвярай.
«Калі я ўпершыню паляцела да сяброўкі за мяжу, людзі пісалі мне ў прыват, што ўаў, як хутка ты падарожнічаеш, відаць, раны хутка загаіліся. Людзі ацэньваюць гэты досьвед праз прызму: ну, не выйшла праз вакно — значыць, недастаткова любіла, ці не памерла разам зь ім, сьледам не пайшла — значыць, недастатковая ахвяра. Павінна быць ахвяра. Ёсьць такі вобраз у поп-культуры — хадзіць у чорным і так хадзіць да сваёй сьмерці. Памерці за цябе — дастатковая ахвяра. Жыць у імя цябе, за цябе, дзеля цябе — гэта выбар. Гэта складаней, гэта патрабуе ад цябе проста тытанічных намаганьняў».
Ліна ўпэўненая, што пасьля страты трэба ня столькі адпавядаць чужому ўяўленьню пра жалобу, колькі захаваць самога сябе.
«Мая асноўная мэта і мэта любога чалавека, які сутыкнуўся са стратай, незалежна ад узросту, — захаваць сябе, а не апраўдаць чаканьні людзей, якія ацэньваюць цябе збоку. І для гэтага давядзецца выбраць сябе. У рэшце рэшт, яны абмяркоўваюць цябе хвіліну-дзьве, ацэньваюць твой нарад і тваю ўсьмешку ці чарговы выхад у сьвет. А жыць усё ж такі табе, працягваць табе, вывозіць табе. Таму тут толькі зьмяшчаць акцэнт на сябе і так рухацца».
Дзьмітры Гурневіч