У драмтэатры Горадні паставяць спэктакль «Денис Давыдов. История о Гродно». Дзяніс Давыдаў — расейскі паэт, гусар. У сьнежні 1812 году, будучы камандзірам лятучага атраду, ён заняў Горадню, зь якой адступілі напалеонаўскія войскі.
Пакуль у рэпэртуары драмтэатру пастаноўкі афіцыйна няма, але вядома, што ўжо цяпер для яе шыюць 12 касьцюмаў, піша HrodnaLife. Цэньнік на касьцюмы пакуль невядомы.
Давыдаў — расейскі паэт аляксандраўскай і мікалаеўскай эпох, прадстаўнік «гусарскай паэзіі», мэмуарыст, генэрал-лейтэнант. Адзін з камандзіраў партызанскага руху ў час Франка-расейскай вайны 1812 году.
У Горадні ўшаноўваюць яго памяць — раз у пяць гадоў праводзяць «Давыдаўскія чытаньні».
Пры гэтым варта ўспомніць, што ў час вайны 1812 году частка беларускай шляхты была на баку французаў, а просты народ часта не падтрымліваў ні адзін з бакоў. Адпаведна, «Айчыннай», як яе называюць расейцы, тую вайну для беларусаў назваць нельга.
Русыфікацыя беларускіх тэатраў
Ужо даўно большасьць беларускіх тэатраў працуе на расейскай, а не беларускай мове. Але пасьля падзей 2020 году, калі ў дзяржаве ўзмацнілася русыфікацыя і перасьлед беларускіх асяродкаў, расейская мова стала пранікаць і ў тэатры, якія раней працавалі на роднай мове.
Акрамя таго, пасьля 2020 году Беларусь пакінуў шэраг знаных актораў, іх нярэдка сталі замяняць прыежджымі акторамі з Расеі, якія ня ведаюць і ня вучаць беларускай мовы, а рэпэртуары падладжваюць пад іх, робячы расейскімі.
Напрыклад, Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі ўжо ставіць спэктакль па-расейску. У Тэатры юнага гледача на расейскай мове ўжо больш за палову рэпэртуару. У Купалаўскім расейскія рэжысэры праводзяць «творчую лябараторыю».