«Замак» разьмешчаны ў трохпавярховым прыватным доме, які належыць беларусцы Натальлі Калегавай і яе мужу-літоўцу. Абое да 2020 году займаліся бізнэсам, Натальля — зьвязаным зь Беларусьсю, але пасьля жнівеньскіх падзеяў гаспадыня катэджу паступова ўцягнулася ў дабрачыннасьць.
«Дом вялікі, пакояў шмат — былы „палац“ цыганскага барона, які муж купіў за немалыя грошы. Адсюль зьявілася і гучная назва — «Замак». Дала прытулак аднаму ўцекачу-земляку, потым другому, трэцяму, а іх ехала ўсё больш. Уцягнулася — і цяпер гэта маё жыцьцё, нават найважнейшая яго частка: дапамагаць беларусам, якія ўцяклі ад дыктатуры», — кажа Натальля пра сваю дзейнасьць.
Паводле падлікаў Натальлі Калегавай, за 6 гадоў у цэнтры «Дапамога» мелі прытулак каля 2600 беларусаў. Гэта як былыя палітвязьні, якія зьехалі зь Беларусі, адбыўшы пакараньне ці адміністрацыйны арышт, гэтак і тыя, хто проста ўцёк з краіны, дзе «немагчыма нармальна жыць».
«А яшчэ да нас едуць тыя, хто апярэдзіў уцёкамі сваё затрыманьне на нейкі час. Бывала, што і на некалькі хвілін. Тых, хто пераплыў раку, мы тут завём „бабрамі“, а хто прабег да мяжы церазь лес ці поле — „зайцамі“. Затое тут сталі адной сям’ёй», — кажа Натальля Калегава пра сваіх кватарантаў.
Цяпер «Замак» зноў запоўнены
У «Замку» ўцекачам зь Беларусі на некалькі месяцаў даюць ложак і харчаваньне; каму трэба, дапамагаюць з адзеньнем і рэчамі; ім дапамагае псыхоляг і замацаваны памочнік — гэтак званы мэнтар. Усе справы вядуць валянтэры, якія працуюць бясплатна, як і гаспадыня «Замку» Натальля Калегава.
«Умовы ў нас, лічу, добрыя: людзі жывуць у пакоях па 4–5 чалавек. Але варта сказаць, што бываюць пэрыяды, калі ў нас перанаселенасьць, вось цяпер акурат такі час: у Замку зараз больш за 20 жыхароў, у пакоях па 7 чалавек, нават на другім паверсе жывуць людзі. Бо бягуць сем’ямі. Вось новыя — чацьвёра дарослых з двума дзецьмі», — працягвае размову гаспадыня «Замку».
Шэлтэр «Замак» у Вільні, архіўнае фота
Яна тлумачыць, чаму, на яе думку, уцекачоў не становіцца менш, хоць рэпрэсіі нібыта адступаюць:
«Некаторыя палітыкі абнадзейваюць, што хутка будзе новае вялікае вызваленьне. Гэта добра, але ж ўлады Беларусі паводзяць сябе інакш: яны загадзя думаюць, кім запоўніць вызваленыя месцы. І мы гэта бачым па нашых навічках. Бягуць тыя, каму „сьвеціць“ справа „Гаюна“ ці „Чорнай кнігі Беларусі“, таксама „хімікаў“ часьцей сталі падводзіць да больш жорсткага рэжыму — да калёніі. Нехта пасьпявае апярэдзіць свой арышт — і вось яны тут».
Яшчэ адной навацыяй часу Натальля Калегава назвала зьяўленьне ўцекачоў, якіх па вызваленьні ў Беларусі спрабавалі вэрбаваць спэслужбы. Паводле Калегавай, такіх людзей ужо таксама дастаткова, каб казаць, што ўлады рыхтуюцца да новага этапу рэпрэсіяў.
Як памяняліся настроі ўцекачоў
Увогуле, паводле назіраньняў Натальлі Калегавай, беларусы, якія цяпер жывуць у «Замку», адрозьніваюцца ад уцекачоў, якія зьявіліся ў прытулку 6 гадоў таму. Найперш яны маюць досьвед жыцьця ў «новай Беларусі».
«Адзін казаў пра сябе, што ў Беларусі пасьля 2020 году нібыта прызвычаіўся да новых умоваў і толькі тут зразумеў, якое там было ненармальнае жыцьцё. Згадваў гвалт, бяспраўе, страх, прапаганду. А тут чалавек пачаў ажываць», — успамінае Натальля Калегава.
Натальля Калегава, архіўнае фота
Другая зьмена, паводле назіраньняў Калегавай, у настроях і плянах:
«Уцекачы 2020 і 2021 гадоў меркавалі, што хутка гэта закончыцца і яны вернуцца дамоў. Яшчэ і ў 2022-м былі такія настроі. А цяпер ілюзіяў усё менш. Тыя, хто прыяжджаюць зь дзецьмі і адразу думаюць, як уладкаваць малых у літоўскую школу, каб ня трацілі час і вучылі літоўскую мову. Жаданьне вярнуцца яшчэ ёсьць, але разьліку, што гэта адбудзецца хутка, ужо няма», — кажа Натальля.
«Згодная прадаць усё, акрамя „Замку“»
Натальля раней таксама ня думала, што і праз 6 гадоў будзе займацца прытулкам. Але сьцьвярджае, што не шкадуе аб гэтым.
«Не, не шкадую. Так, мне цяпер цяжка займацца бізнэсам, але, з другога боку, я магу займацца дабрачыннасьцю і дзякую Богу за тое, што маю такую магчымасьць, бо гэта шляхотная справа. Муж, бывае, кажа, што больш няма сілаў, давай усё прадамо, але я кажу: калі ласка, толькі ўсё, акрамя „Замку“. Гэта праца стала маёй натурай, безь яе ўжо сябе не ўяўляю», — прызнаецца Натальля Калегава і тлумачыць гэтую прывязанасьць сувязьзю зь людзьмі, якіх сустрэла ў Замку.
Беларускі «Замак» у Вільні, архіўнае фота
«У іх розныя лёсы, характары, гісторыі. Яны жывуць у іншай краіне, тут зь імі рознае здараецца, і ты ж не кідаеш іх, а імкнешся дапамагчы. Гэта ўжо твой лёс».
Паводле Натальлі Калегавай, за 6 гадоў дзейнасьці «Замку» яе мэты як арганізатара прытулку таксама зьмяніліся. Цяпер асноўную задачу яна бачыць у тым, каб ня проста даць уцекачу дах над галавой, а дапамагчы яму стаць на ногі, навучыць жыць і ўтрымліваць сябе ў новых умовах. Натальля кажа, што дзеля дасягненьня гэтых мэтаў «Замак» яшчэ ня мае ўсяго неабходнага.
Каго бракуе ў «Замку»
«У нас бракуе псыхоляга, які б стала дапамагаў нашым жыхарам. У нас дабрачынна працуюць псыхолягі, але вось каб была нейкая праграма, якая б давала хоць невялікае фінансаваньне, было б лепш. Яшчэ марым аб праграме для людзей пэнсійнага ўзросту, якія ў эміграцыі засталіся бяз пэнсіяў. Маладыя людзі хутчэй знойдуць новую працу, набудуць новыя працоўныя навыкі, а як быць пэнсіянэрам? Ім адрасна трэба дапамагчы, каб знайшлі месца ў новым жыцьці й новую працу — тыя, каму дазваляе здароўе. І для дапамогі малым дзеткам, якія прыяжджаюць з бацькамі, таксама патрэбна асобная праграма. Але пакуль гэта толькі нашыя мары», — прызнаецца гаспадыня «Замку».
Дапамога фінансавая і палітычная
Праз тое, што цэнтар «Дапамога» знаходзіцца ў прыватным доме, ён ня плаціць за арэнду, але ад камунальных платаў, зразумела, ня вызвалены. Патрэбы жыхароў «Замку» ў рэчах і харчах, паводле Калегавай, пакрываюцца за кошт уласных сродкаў сям’і, ахвяраваньняў і падтрымкі бізнэсу. Гэтак, літоўскі Maisto bankas аплочвае харчаваньне жыхароў «Замку». А вось дзяржаўнага фінансаваньня, як і грантаў, Замак ніколі не атрымліваў, кажа Натальля.
«Міжнародны гуманітарны фонд нас не фінансуе. Хоць падавалі заяўкі, але пакуль марна. Кожны год пачынаем з даўгоў за камуналку, якія з рознай дапамогай закрываем недзе ў сярэдзіне году, за што вельмі ўдзячныя данатарам, а потым усё зноў. Але не наракаем. А што да маральнай, у тым ліку палітычнай, дапамогі — яе хапае, і яна вельмі важная. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку тым літоўскім дэпутатам, якія клапоцяцца, каб беларусаў не прыціскалі», — сказала Натальля Калегава.
Калегава добра адгукнулася аб працы літоўскіх Дэпартамэнту міграцыі і Памежнай службы, адзначыла дапамогу літоўскіх сацыял-дэмакратаў і асабіста актывістку Натальлю Ярцаву, дэпутата Сейму Русланаса Баранаваса, які ачольвае дэпутацкую групу сувязяў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, сыгнатара Акту незалежнасьці Літвы кансэрватара Эмануэліса Зінгерыса, які даўно і плённа дапамагае беларусам Літвы. Зь беларускіх палітыкаў за супрацу з «Дапамогай» Натальля Калегава адзначыла Паўла Севярынца і Віктара Бабарыку, а таксама праваабаронцаў «Вясны» Леаніда Судаленку і Паўла Сапелку.
«Што да Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, дык нашы адносіны я назвала б роўнымі. На жаль, у мінулыя гады, як я мяркую, яны недастаткова займаліся абаронай беларусаў тут, а больш замежнай палітыкай. Мяркую, гэта прывяло да выпадкаў цкаваньняў беларусаў у Літве, такое бывала. Пра гэта адкрыта казала ў размовах з супрацоўнікамі Офісу, я не адмаўляюся ад тых словаў цяпер. Так, сытуацыя мяняецца ў лепшы бок, больш адчуваецца іхны ўдзел у нашых праблемах. Што зразумела: ім патрэбная падтрымка беларусаў і яны павярнуліся да мясцовых праблемаў, а ня толькі занятыя сувязямі ў сьвеце. Не факт, што гэта дапамагае, але дакладна, што не замінае. Чым болей гавораць пра беларусаў, тым нам лепш», — мяркуе Натальля Калегава.
Калегава перакананая, што дыскусіяў пра тое, як беларусам вярнуцца ў Беларусь, ужо недастаткова, гэта не працуе.
«Мы мусім быць для гэтага гатовыя, але важней захаваць сваіх людзей. Каб яны не расчараваліся, каб яны хутчэй прайшлі праз свае дэпрэсіі і нарэшце каб жылі, а не заўчасна паміралі», — кажа Натальля.
Адпачынак былых палітвязьняў на Тэнэрыфэ
Увесну 2026 году кіраўніца «Дапамогі» Натальля Калегава ўпершыню вывезла групу з 20 жанчын, былых палітзьняволеных, у адпачынак на Канарскія выспы — на востраў Тэнэрыфе, дзе раней ня раз сама адпачывала зь сям’ёй. Паездка працягвалася месяц і запатрабавала шмат грошаў, на фінансаваньне Калегава патраціла часткова і свае ўласныя сродкі. Зразумела, што можна казаць пра станоўчы вынік: мора, сонца, новыя ўражаньні. Але Натальля бачыць посьпех у іншым.
«Дзяўчаты цяпер маюць новую гісторыю свайго жыцьця, яны нібы перапісалі сябе, перасталі жыць толькі згадкамі пра турмы. Бо пасьля вызваленьня яны ўсё роўна працягвалі жыць нібы за адным дротам, а шмат хто і сапраўды былі з адной калёніі. А цяпер у кожнай зьявіліся свая новая гісторыя», — кажа Натальля і згадвае, як нялёгка даваўся сумесны адпачынак спачатку.
У шэлтэры «Замак», архіўнае фота
«Было складана першыя два тыдні, нават вельмі складана. Толькі на трэці тыдзень усё пачало складвацца як нам хацелася, а на чацьвёрты тыдзень усё канчаткова атрымалася. Дзяўчаты забыліся думаць пра ШЫЗА і калёнію, пачалі нармальна размаўляць паміж сабой, пайшлі на дыскатэку, плавалі ў акіяне. У кожнай зьявілася іншая гісторыя, ужо ня тая, што была ў калёніі. Гэта вельмі важна для рэабілітацыі, бо мы ня можам зь людзей выцягнуць старое, што зь імі ўжо было. Тая ж ідэя і ў „Замку“: я не магу выкрасьліць зь іхнага жыцьця Акрэсьціна, Жодзіна ці магілёўскую турму, але магу даць іншае — нешта добрае і сьветлае, сонечнае, што будзе грэць душу».
Сьвяточны збор для «Замку»
Паводле Натальлі Калегавай, на будучыя некалькі гадоў пэрспэктывы ў «Замку» простыя: прытулак будзе адкрыты, пакуль у Беларусі ня скончацца рэпрэсіі і ўцекачам будуць патрэбныя дах і цеплыня.
«А як гэта ўсё закончыцца, то зробім там рэстаран ці гатэль, будзеце да мяне прыяжджаць з вольнай Беларусі проста ў госьці», — усьміхаецца гаспадыня «Замку» Натальля Калегава.
Напярэдадні сваёй шостай гадавіны «Дапамога» абвясьціла сьвяточны дабрачынны збор у падтрымку «Замку». Ініцыятыва плянуе сабраць 6 тысяч эўра, якія пойдуць на камунальныя паслугі, гаспадарчыя выдаткі і падтрымку ўцекачоў, якія знайшлі у «Замку» родны дом.
Сьвята ў шэлтэры «Замак» у 2024 годзе
5 верасьня цэнтар «Дапамога» адзначыць 6 гадоў заснаваньня. Жыхары Замку і яго гаспадыня ад 14-й гадзіны чакаюць у госьці былых кватарантаў, сяброў і проста добрых наведнікаў, для якіх рыхтуюць пачастунак і канцэрт.