У Лагойскім раёне раптоўна зьнікла лясное возера. Мясцовы жыхар зьвярнуўся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і атрымаў адказ.
Лясное возера непадалёк ад мэмарыяльнага комплексу «Дальва» ўсяго за некалькі дзён нібыта выпарылася. Міністэрства паведаміла, што вадаём, які раптоўна зьнік каля мэмарыялу «Дальва», знаходзіцца на тэрыторыі Аколаўскага лясьніцтва Лагойскага лясгасу.
Прадстаўнікі Менскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя сумесна з работнікамі лясной гаспадаркі пабывалі на месцы для дэталёвага разбору, — паведаміла Міністэрства прыроды.
Яны выявілі, што прычынай абмяленьня возера стала разбурэньне трубы прапускнога вадасьцёку ў грэблі. У выніку вада ў пошуках новага рэчышча падмыла грэблю.
«Неўзабаве, пасьля высьвятленьня, хто ўласьнік грэблі, які зоймецца яе аднаўленьнем, возера ўзьнікне зноў шляхам натуральнага напаўненьня», — абяцае Мінпрыроды.
Якая страта нанесеная здарэньнем, ведамства не ўдакладняе.
Як паведаміў Onliner з спасылкай на мясцовага жыхара, грэбля і гідратэхнічныя збудаваньні на возеры былі даўно закінутыя.