«Мужчыну зь Беларусі» падазраюць у датычнасьці да дывэрсіі ў аэрапорце Ляйпцыгу

Паліцыянт побач з робатам для абясшкоджваньня выбуховых прыстасаваньняў у аэрапорце Ляйпцыгу. Нямеччына, 5 жніўня 2026 году

Сьледчыя ўпэўненыя, што ведаюць, хто быў лягістам і інструктарам заплянаванага нападу ў Ляйпцыгу. Пра гэта даведаліся газэта Süddeutsche Zeitung і тэлерадыёкампаніі NDR і WDR.

Першым падазраваным лічыцца ураджэнец Расеі з латвійскім пашпартам. Сьцьвярджаецца, што ён зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі. Паводле сьледзтва, пры канцы ліпеня ён прыляцеў у Бэрлін, на пракатнай машыне прыехаў у Ляйпцыг і за два дні да няўдалай дывэрсіі пакінуў Нямеччыну з таго самага бэрлінскага аэрапорт.

«Мужчыну зь Беларусі» ж вылічылі па сьлядах ДНК, якія знайшлі на адным з дронаў, на бляшанцы ад кансэрваў, напоўненай выбухоўкай, а таксама на антэне, прымацаванай да дрэва каля аэрапорту. Супадзеньні знайшліся ў базах Літвы і Фінляндыі, дзе падазраваны, відаць, ужо трапляў у поле зроку праваахоўных органаў за іншыя злачынствы.

Адзначаецца, што ў яго таксама ёсьць расейскі пашпарт, а прыехаў ён з італьянскай турыстычнай візай, атрыманай у Менску вясной.

Сьледчыя сумняваюцца, што падазраваных удасца прыцягнуць да адказнасьці, бо наўрад яны вернуцца ў ЭЗ.

4 жніўня 2026 году супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому. МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею.

14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Нямеччыне за дзень адбылося дзьве дывэрсіі на электрасетках у розных канцах краіны

Чаму гэта важна

За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты

  • зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
  • парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
  • пранікаюць у лічбавыя сеткі,
  • сочаць за вайсковымі аб’ектамі
  • і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.

Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.

Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нямеччына закрывае «Расейскі дом» у Бэрліне ў адказ на «гібрыдную атаку» ў аэрапорце Ляйпцыгу