2 верасьня нямецкая паліцыя паведаміла, што ў Бэрггайме пад Кёльнам знайшлі шэсьць піратэхнічных прыладаў, прызначаных, як мяркуецца, для таго, каб выклікаць кароткае замыканьне на электралініях, перадае AFP з спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў нямецкай паліцыі
Напярэдадні вечарам у Бэрггайме невядомыя накінулі дрот на электралініі, што выклікала кароткае замыканьне і прывяло да адключэньня пяці энэргаблёкаў на дзьвюх вугальных электрастанцыях, паведаміў апэратар RWE.
Раней у той жа дзень падобным чынам невядомыя ўчынілі кароткае замыканьне на падстанцыі ў Прайляку каля польскай мяжы, якая разьмяркоўвала электраэнэргію з электрастанцыі Еншвальдэ.
Сьледчыя заявілі пра падабенства нападаў і цяпер высьвятляюць, ці не стаіць за дывэрсіямі «замежная дзяржава».
Гэта адзін з шэрагу інцыдэнтаў на электралініях Нямеччыны
Самы значны зь іх адбыўся ў студзені. Тады частка Бэрліну на тыдзень засталася без электрычнасьці сярод зімы пасьля падпалу высакавольтных кабэляў. Адказнасьць за дывэрсію ўзяла на сябе ультралевая групоўка Vulkangruppe. Яна таксама заявіла пра арганізацыю дзьвюх дывэрсій супраць заводу электрамабіляў Tesla непадалёк ад Бэрліну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Нямеччыне дывэрсія на лініях электраперадачы — прагучаў выбухШто папярэднічала
За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты
- зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
- парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
- пранікаюць у лічбавыя сеткі,
- сочаць за вайсковымі аб’ектамі
- і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.
Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.
Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.
Хроніка рэзанансных інцыдэнтаў
2023 год. У Польшчы выкрылі агентурную сетку, якая працавала на расейскія спэцслужбы: назірала за чыгуначнымі маршрутамі і крытычнай інфраструктурай ды рыхтавала дывэрсіі.
Сакавік-2024. У Лёндане падпалілі склад з гуманітарнай дапамогай і абсталяваньнем Starlink для Ўкраіны.
Красавік-2024. Падпал будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве. Польская пракуратура назвала гэта актам сабатажу на замову расейскай выведкі. У Нямеччыне ў тым жа месяцы затрымалі двух нямецка-расейскіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дывэрсій.
Травень-2024. Падпал IKEA ў Вільні і гандлёвага цэнтру Marywilska ў Варшаве. Паводле сьледчых, за падапаламі стаіць арганізаваная сетка, створаная ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў. Тая ж сетка рыхтавала падпал IKEA ў Рызе, але выканаўцу затрымалі да нападу. У тым жа месяцы былі падпаленыя два склады будаўнічых матэрыялаў — у Варшаве і Радаме. Агенцыя ўнутранай бясьпекі заявіла, што выканаўца атрымліваў інструкцыі ад асобы, зьвязанай з расейскімі спэцслужбамі.
Ліпень-2024. У трох краінах Эўропы адбылася сэрыя ўзгараньняў пасылак з запальнымі прыладамі: у Ляйпцыгу, у грузавіку ў Польшчы і на складзе DHL у Бірмінгеме. Яшчэ адна прылада ў Польшчы не спрацавала». Паводле літоўскай пракуратуры, апэрацыю арганізоўвалі і каардынавалі грамадзяне Расеі, зьвязаныя з расейскай выведкай.
Лістапад-2025. На чыгунцы Варшава — Люблін, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.
Сьнежань-2025. Польшча зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.
4 жніўня 2026 году. Супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому. МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею.
14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.
21 жніўня стала вядома, што ў лесе пад Бэрлінам яшчэ год таму знайшлі схаваную зброю, якая магла прызначацца для расейскіх агентаў. Нямецкія спэцслужбы з таго часу назіралі за гэтым месцам, аднак за год па зброю ніхто не прыйшоў. Süddeutsche Zeitung піша, што ўвосень 2025 году ў Румыніі затрымалі падазраванага ў датычнасьці да арганізацыі гэтага схову.
25 жніўня на ўсходзе Славаччыны прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці дронаў. Затрыманыя трое замежнікаў.
31 жніўня у Польшчы адбыўся пажар на заводзе дронаў. Пракуратура ўсчала справу «паводле факту ўдзелу ў дзейнасьці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча і ўчыненьня злачынства тэрарыстычнага характару».
1 верасьня на ўсходзе і захадзе Нямеччыны наўмысным кароткім замыканьнем былі пашкоджаныя лініі электраперадачы, спынялася падача электрычнасьці.
Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.