Як закране беларусаў пагроза Зяленскага закрыць неба Расеі для цывільнай авіяцыі

Самалёт Белавія

Новыя словы прэзыдэнта Ўкраіны могуць непакоіць шмат каго зь беларусаў. Рэч у тым, што празь лётнішчы Масквы некаторыя зь іх прылятаюць на радзіму.

На пытаньні Беларускай службы Радыё Свабода для перадачы «ПіК Свабоды» адказалі палітоляг Ігар Тышкевіч, які шмат гадоў жыве ўва Ўкраіне, і эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

Ігар Тышкевіч

Ігар Тышкевіч пачаў з таго, што гаворка не ідзе пра атаку на цывільныя самалёты.

«Гэта маштабаваньне таго, што адбывалася ў Расеі на пачатку гэтага году, калі ёсьць масавы налёт дронаў і, адпаведна, аэрапорты Расеі выходзілі ў рэжым прастою. Гэта парушае авіяцыйную лягістыку і стварае праблемы як пасажырам, гэтак і расейскай эканоміцы.

Ну і паколькі Расея — буйная краіна, гэта сярод іншага пытаньне зьвязанасьці рэгіёнаў, бо людзі з іншых вобласьцяў будуць 10 разоў думаць, ці ляцець да Масквы, ці змогуць яны вылецець.

Цяпер прэзыдэнт Зеленскі заявіў пра такую магчымасьць, бо Ўкраіна гэта можа рабіць, бо дронаў стала болей. Другое, Украіна гэта можа рабіць, бо ўжо ад 17 сакавіка гэтага году дзьве абаронныя кампаніі Ўкраіны праводзяць тэставаньне штучнага інтэлекту дронаў на прадмет адрозьненьня цывільнага самалёту ад іншых цэляў на досыць вялікім аэрадроме альбо аэрапорце».

Адпаведна, гаворка ідзе пра пашкоджаньне інфраструктуры, прастой аэрапорту. Вось такім чынам, на думку Тышкевіча, гэта будзе тычыцца і беларусаў, якія карыстаюцца расейскімі лётнішчамі.

Андрэй Махоўскі мяркуе, што ў выпадку рэалізацыяі Ўкраінай падобных пагроз беларусы «застануцца зусім бязь неба», бо лётаць ужо ня будзе куды.

Андрэй Махоўскі

«У Беларусь цяпер лётаюць беларускія самалёты, „Белавія“ лятае толькі праз Расею, усе рэйсы ідуць праз Расею. Украіна зачыненая з прычыны вайны, Эўропа на захад зачыненая для беларускіх самалётаў, таму іншых варыянтаў папросту не застанецца.

Таму гэтыя 18 самалётаў у „Белавія“, якія цяпер ёсьць, іх можна будзе выкарыстоўваць зь Менску ў Горадню ці ў Гомель зь Берасьцем, гэта ўсё. І гэта пры тым, што апошнім часам у „Белавіі“ жыцьцё пачало крыху паляпшацца. Сёлета ўпершыню адбыўся прырост пасажырапатоку. З моманту ўвядзеньня санкцый кампанія адкрыла 15 новых рэйсаў.

Таму самалёты сяк-так лёталі, нешта атрымоўвалася, ну, а зараз, калі гэта здарыцца, „Белавія“ скончыцца. І палёты для беларусаў таксама».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Затрымліваюцца вылеты зь Менску: збой на расейскім кірунку парушыў увесь расклад

Што адбываецца

1 верасьня ў сваім выступе прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі, якія дагэтуль лятаюць над Расеяй, што рабіць гэта стане небясьпечна.

Ён заявіў, што дронаў у расейскім небе будзе столькі, што бясьпечных варыянтаў для авіяпералётаў не застанецца.

«Украіна не пагражае цывільнай авіяцыі як такой — ніводнаму цывільнаму самалёту. Проста дронаў у небе Расеі будзе столькі, што гэта трэба ўлічваць, — сказаў Зяленскі. — Хоць расейскія ўлады і не паведамляюць пра гэта як належыць, расейскае неба дэ-факта будзе закрывацца: вайна, якую разьвязала Расея, закрывае яе неба».

Ён заклікаў паслоў ва Ўкраіне і Расеі данесьці гэтую інфармацыю да сваіх краінаў.

«Важна, каб гэта пачулі адпаведныя авіякампаніі, якія цяпер лятаюць у аэрапорты перадусім Масквы, Пецярбургу і па іншых ключавых расейскіх кірунках», — дадаў Зяленскі.

«Цывільнай авіяцыі ня месца сярод дронаў», — падсумаваў ён.

Яшчэ 28 жніўня прэзыдэнт Украіны паставіў задачу нарасьціць вытворчасьць дальнабойных бесьпілётнікаў, каб Сілы абароны маглі запускаць па тэрыторыі Расеі да 1000 дронаў за дзень. Паводле Зяленскага, цяпер у сярэднім з Украіны запускаюць больш за 300 дронаў.

Беларуская авіякампанія Белавія робіць у сярэднім каля 60 рэйсаў у дзень, вынікае з статыстыкі airportia.com.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі: «Расейскае неба дэ-факта будзе закрывацца»

Скасаваньне палётаў над Расеяй ужо пачалося

Авіякампанія Pegasus стала першай, якая зрэагавала на словы ўкраінскага прэзыдэнта пра закрыцьцё неба над Расеяй. Турэцкая авіякампанія палічыла занадта рызыкоўным працяг працы ў Расеі і скасавала ўсе свае 12 рэйсаў з Турэччыны ў аэрапорт Унукава і назад, піша Пост.

Пасажыры рэйсу РС1456 расказалі, што павінны былі вылятаць з Бодруму ў Маскву, але палёт скасавалі наўпрост у час пасадкі. Згодна з іхнымі словамі, турэцкія авіякампаніі пачалі скасоўваць рэйсы, тлумачачы гэта «сытуацыяй з паветранай прасторай» Расеі.

Беларуская нацыянальная авіякампанія і яе пасажыры раней ужо сутыкаліся з скасаваньнямі рэйсаў і іх затрымкай праз паветраныя атакі нафтавай інфраструктуры Расеі. Але рэакцыі на словы Зяленскага гэтым разам зь Менску пакуль няма. Заплянаваныя рэйсы на гэты момант не скасоўваюцца.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст пра самыя важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Чатыры разы на тыдзень — з панядзелка па чацьвер — дасьведчаныя журналісты і рэдактары Свабоды выбіраюць для вас галоўныя навіны дня і тлумачаць, што яны значаць.

Па пятніцах мы рыхтуем тыднёвы аналітычны выпуск, у якім разам з вартымі даверу экспэртамі разьбіраем працэсы і тэндэнцыі ў палітыцы, эканоміцы, грамадзтве і культуры.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода. Падзеі і камэнтары» (@svaboda-news).

Новы выпуск дасяжны на канале штодня а 1830 менскага часу.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.