Як паведаміла агенцтва BNS, дваіх беларусаў — бацьку і сына — асудзілі за махлярства з фондамі ЭЗ на 0,5 млн эўра і завалоданьне стратэгічнай інфармацыяй:
«Віленскі акруговы суд асудзіў дваіх грамадзян Беларусі за махлярства пры атрыманьні амаль 0,5 млн эўра фінансавай дапамогі Эўрапейскага Зьвязу. Асуджаныя ўтойвалі сувязі з вайсковай прамысловасьцю Расеі і Беларусі, паведаміла Служба расьсьледаваньняў фінансавых злачынстваў», — піша агенцтва.
Сьледзтва вызначыла, што праз падкантрольную кампанію ў Літве двое беларускіх грамадзян удзельнічалі ў праекце Агенцтва касьмічнай праграмы Эўразьвязу (EUSPA). Праект быў накіраваны на распрацоўку высокадакладных прымачоў спадарожнікавай навігацыі для патрэбаў сельскай гаспадаркі з выкарыстаньнем сэрвісу высокай дакладнасьці Galileo, у тым ліку для кіраваньня сельгастэхнікай. Агульны бюджэт праекту перавысіў 1 млн эўра, зь якіх EUSPA прафінансавала больш за 745 тыс. эўра. Фактычна кампаніі было выплачана 447 272 эўра.
Для атрыманьня фінансаваньня кампанія падала дэклярацыю, у якой сьцьвярджала, што ня мае сувязяў з падсанкцыйнымі суб’ектамі і не падлягае абмежаваньням ЭЗ.
Аднак расьсьледаваньне паказала, што ў Літве абвінавачаныя фактычна кантралявалі прадпрыемства, зарэгістраванае на іхнага сваяка з грамадзянствам Літвы і ЗША, — паведамляе BNS. Пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны гэты сваяк быў прызначаны кіраўніком прадпрыемства. Такім чынам яны спрабавалі абысьці абмежаваньні ЭЗ для грамадзян Беларусі.
Таксама ўстаноўленыя сувязі абвінавачаных з расейскай кампаніяй пад санкцыямі ЭЗ, у якой яны займалі кіроўныя пасады. Гэтая кампанія распрацоўвала і тэставала чыпы спадарожнікавай навігацыі для вайсковых патрэбаў. Адзін з абвінавачаных у 2020–2021 гадах атрымаў расейскае грамадзянства.
Паводле сьледзтва, падаўшы ілжывыя зьвесткі аб браку сувязяў з падсанкцыйнымі асобамі, абвінавачаныя атрымалі доступ да фінансаваньня, рынку ЭЗ і прасторава-геаграфічных зьвестак.
Абвінавачаныя прызналі сваю віну і кампэнсавалі шкоду ў памеры 447 272 эўра. Ці атрымалі яны турэмныя тэрміны, не паведамляюць.
Чаму гэта важна
Міжнародны кансорцыюм журналістаў-расьсьледнікаў паведамляў, што часта, каб атрымаць доступ да заходніх высокіх тэхналёгіяў і іншай канфідэнцыйнай інфармацыі, Расея пры дапамозе падстаўных асобаў рэгіструе кампаніі па ўсім сьвеце ці выкупляе долі ва ўжо існых кампаніях. Гэтая праца каардынуецца з спэцслужбамі расейскай дзяржавы.
Такія кампаніі былі знойдзеныя на Кіпры, у Нямеччыне, краінах Азіі.