Ужо сёньня: дзень сьмерці Міколы Ільляшэвіча

Мікола Ільляшэвіч

Падзеі 2 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

2 верасьня 1934 году на 32-м годзе жыцьця памёр ад сухотаў Мікола Ільляшэвіч, дзяяч беларускага руху, гісторык, псыхоляг, настаўнік, выдавец.

Як і ягоны брат, вядомы ў будучыні паэт і палітычны дзяяч Хведар, скончыў Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся зь Вінцэнтам Жук-Грышкевічам (будучы старшыня Рады БНР). Друкаваўся ў моладзевым часопісе «Маладое жыцьцё». Па сканчэньні гімназіі ў 1923-м паступіў у Праскі ўнівэрсытэт.

У 1925-м узначаліў створанае там Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францішка Скарыны. У 1928-м абараніў доктарскую дысэртацыю, у якой разглядаў Беларусь як адметную цэласьць з антрапагеаграфічнага, гістарычнага і этнаграфічнага гледзішча.

Па вяртаньні ў Вільню выкладаў у беларускай гімназіі і праваслаўнай духоўнай сэмінарыі, рэдагаваў часопіс «Саха», выдаў «Кароткі нарыс псыхолёгіі».

У працы 1933 году пра палітыку Расейскай імпэрыі на землях былога ВКЛ дасьледаваў, як пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай расейскія ўлады імкнуліся ўніфікаваць далучаны край і праводзілі палітыку русыфікацыі.

Таксама ў гэты дзень

1192 — скончыўся трэці крыжовы паход, кароль Рычард Львінае Сэрца і султан Саладын заключылі перамір’е.

1621 — пад Хоцінам пачалася бітва войска Рэчы Паспалітай і запароскіх казакаў пад кіраўніцтвам вялікага гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча. Пасьля больш як месяца баёў асманцы зразумелі, што ня змогуць прайсьці далей, і 9 кастрычніка пагадзіліся на перамір’е.

1945 — капітуляцыяй Японіі скончылася Другая сусьветная вайна.

1945 — абвешчаная незалежнасьць Віетнаму ад Францыі. Але да аб’яднаньня краіны ў 1976 годзе Віетнам зазнае гады войнаў.

1971 — Аб’яднаная Арабская Рэспубліка зьмяніла назву на Арабскую Рэспубліку Эгіпет. ААР у 1958 годзе стварылі Сырыя і Эгіпет, але Сырыя выйшла зь яе ўжо ў 1961 годзе пасьля вайсковага перавароту.

1990 — набыла сілу Канвэнцыя ААН аб правах дзіцяці.

1990 — Самаабвяшчэньне Прыднястроўскай Малдаўскай ССР.

1991 — Самаабвяшчэньне Нагорна-Карабаскай Рэспублікі (спыніла існаваньне 1 студзеня 2024 году).

1996 — ва Ўкраіне ўвялі нацыянальную валюту — грыўню.

1998 — у Віцебску арыштаваны Ўладзімер Плешчанка за нібыта крадзеж бюста Суворава. Справа развалілася ў судзе, і актывіста выпусьцілі 29 сакавіка 1999 году, не асудзіўшы, але і не апраўдаўшы.

2020 — з Купалаўскага тэатру звольніўся народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Усяго пасьля звальненьня дырэктара тэатру Паўла Латушкі напісалі заявы на звальненьне 42 акторы і іншыя супрацоўнікі тэатру.

У гэты дзень нарадзіліся

1943Барыс Гюнтэр, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адзін з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія леглі ў падмурак прынятай 25 жніўня 1991 году пастановы пра наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце сілы канстытуцыйнага закону. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11–12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму. Памёр 22 жніўня 2014 году.

Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі. 1990 год.

1955 Яўген Мірановіч, беларускі і польскі гісторык, грамадзка-культурны дзеяч.

У памяці

1800Мацей Радзівіл, беларускі драматург, кампазытар, аўтар лібрэта апэрэтаў, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1814Жан Эмануэль Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Горадзенскай мэдычнай акадэміі.

1960Станіслаў Касьцялкоўскі, ураджэнец Горадні, гісторык, прафэсар, дасьледнік гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

1973Джон Рональд Руэл Толкін, брытанскі пісьменьнік і мовазнаўца.

1998 Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік, журналіст, краязнавец, настаўнік.

1998Ян Матусевіч, рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар.