Хроніка перасьледу 31 жніўня: новая справа за «адмаўленьне генацыду беларускага народу»

Суд у Горадні, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Берасьці прадаюць аўтамабіль ксяндза Акалатовіча

Аўтамабіль Volkswagen Transporter 2007 году, які належаў ксяндзу Генрыху Акалатовічу, прадае Берасьцейская філія «БелЮрЗабесьпячэньня» за 16 860 беларускіх рублёў. Таргі пачнуцца 15 верасьня.

Раней дзяржава прадала абразы́, якія належалі Акалатовічу, а зямельны ўчастак у мястэчку Новая Мыш, які яму належаў, прадаць не ўдалося.

Акалатовіча засудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за «здраду дзяржаве». У лістападзе 2025 году яго памілавалі і вывезьлі ў Італію. Згодна з інфармацыяй «Вясны», віну ён не прызнаў.

Менчуку пагражае 5 гадоў няволі за «адмаўленьне генацыду беларускага народу»

Прэсавая служба Сьледчага камітэту паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць жыхара Менску за «адмаўленьне генацыду беларускага народу», перадае Позірк.

У кастрычніку 2025 году 39-гадовы мужчына пракамэнтаваў у сацыяльнай сетцы Threads публікацыю, прысьвечаную гісторыі Другой усясьветнай вайны. Паводле СК, ён нібыта паставіў пад сумнеў існаваньне пляну «Ост» і «сам факт генацыду беларускага народу».

Менчуку выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 130-2 Крымінальнага кодэксу з санкцыяй да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Яго ўзялі пад варту.

У траўні 2026 году СК паведамляў аб завяршэньні расьсьледаваньня падобнай крымінальнай справы на 56-гадовага жыхара Менску. Той, як сьцьвярджаў СК, таксама разьмясьціў у Threads камэнтары да артыкулаў аб вайне «з адмаўленьнем існаваньня гітлераўскага пляну „Ост“ як аднаго з этапаў генацыду беларускага народу». Паводле СК, на допыце мужчына сказаў, што не знайшоў у інтэрнэце арыгіналу пляну «Ост», а «ў бібліятэку не наведваўся».

У 2021 годзе ў Беларусі ўхвалілі закон «Аб генацыдзе беларускага народу», пасьля чаго гэтую тэму ўлады пачалі актыўна выкарыстоўваць у змаганьні з іншадумствам. За паўторнае парушэньне артыкулу 130-2 КК прадугледжана да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 27 жніўня: новая справа за «абразу» Лукашэнкі, завочны перасьлед музыканта

Зноў прадаюць кватэру былога сьледчага Лобана

У Горадні на аўкцыён зноў выставілі трохпакаёвую кватэру, якая належыць былому сьледчаму і былому ўдзельніку ByPol Ігару Лобану, які пасьля 2020 году зьехаў з Беларусі, асьцерагаючыся рэпрэсіяў.

Кватэра Ігара Лобана ў Горадні на Індурскай шашы мае плошчу 68,3 квадратныя мэтры. Гэта будзе другая спроба прадаць маёмасьць былога сьледчага — першы аўкцыён быў абвешчаны на 8 жніўня, але прызначэньне другога аўкцыёну на 15 верасьня азначае, што першы скончыўся няўдала, паведаміў «Белсат».

На новым аўкцыёне пачатковую цану кватэры зьнізілі на 20% — да 152 тысяч беларускіх рублёў.

У камэнтары «Белсату» Ігар Лобан заявіў, што сочыць за лёсам сваёй кватэры і мяркуе, што верне яе.

«Вельмі цешуся, што не знайшлося ахвочых купіць кватэру зь першай спробы», — сказаў былы сьледчы і выказаўся ў адрас імавернага яе пакупніка: «Такую асобу хацелася б папярэдзіць, што кватэра забраная ў мяне незаконна, што ў будучыні будзе падставаю, каб яе забраць назад».

Хто такі Ігар Лобан

Ігар Лобан — былы сьледчы горадзенскай управы Сьледчага камітэту. У лютым 2024 году Менскі гарадзкі суд завочна асудзіў Ігара Лобана паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з артыкулам 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Лобану прысудзілі 12 гадоў зьняволеньня і штраф 200 тысяч рублёў. Разам зь Ігарам Лобанам таксама завочна былі асуджаныя на тэрміны ад 11 да 25 гадоў былыя сілавікі Аляксандар Азараў, Мацьвей Купрэйчык, Андрэй Астаповіч, Уладзімер Жыгар і Алег Талерчык.

У 2020 годзе яны падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, а пасьля зьехалі за мяжу, дзе заснавалі ініцыятыву ByPol, якая ў 2023 годзе падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 27 жніўня: новая справа за «абразу» Лукашэнкі, завочны перасьлед музыканта

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 21 жніўня: у сьпіс «экстрэмістаў» дадалі музыканта Міхалка