Латушка прапанаваў ЭЗ і Польшчы ўвесьці санкцыі ў адказ на прызнаньне эўрапейскіх СМІ «экстрэмісцкімі»

Каляж: Лукашэнка і Крымінальны кодэкс

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту і кіраўнік НАУ Павал Латушка прапанаваў Эўразьвязу і Польшчы ўвесьці санкцыі ў адказ на прызнаньне беларускімі ўладамі эўрапейскіх СМІ «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Паводле НАУ, падставай сталі рашэньні ў дачыненьні да польскага агенцтва PAP, тэлеканалу Euronews і праекту ЭЗ EUvsDisinfo.

Латушка прапануе ўвесьці санкцыі супраць БелТА і прапагандыстаў, судзьдзяў, якія прызнаюць СМІ «экстрэмісцкімі», а таксама кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі Беларусі. Сярод магчымых мераў — забарона на ўезд у ЭЗ і замарожваньне актываў.

НАУ паведаміла, што МУС і адміністрацыя Польшчы ўжо атрымалі матэрыялы і накіравалі іх на ацэнку для магчымага ўключэньня фігурантаў у нацыянальны санкцыйны сьпіс.

  • У канцы ліпеня беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рэсурсы польскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва PAP. 4 жніўня ў адпаведны сьпіс таксама трапілі сайт і матэрыялы тэлеканалу Euronews, а таксама праект Эўразьвязу па супрацьдзеяньні дэзынфармацыі EUvsDisinfo.
  • Пазьней «экстрэмісцкімі інфармацыйнымі крыніцамі» былі прызнаныя таксама сайты і сацыяльныя сеткі праграмаў SALT і «Адукацыя для беларусаў», якія падтрымлівае ЭЗ, а таксама Цэнтральнага агенцтва па кіраваньні праектамі Літвы (CPVA).
  • У Эўразьвязе гэтыя рашэньні асудзілі, заявіўшы, што яны абмяжоўваюць доступ беларусаў да незалежнай інфармацыі і адукацыйных магчымасьцяў.
  • Паводле апошніх даступных дадзеных, на 5 траўня 2026 году ў сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» і арганізацый было 60 рэдакцыяў і іншых мэдыяструктураў. У 2025 годзе 15 мэдыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
  • Асобны сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» яшчэ большы: на пачатак 2026 году ў ім было больш за 9,2 тысячы пазыцый, а ў сярэдзіне жніўня — ужо каля 10,6 тысячы. Толькі ў 2025 годзе суды прызналі «экстрэмісцкімі» больш за 2,1 тысячы інфармацыйных матэрыялаў. Значную частку гэтага сьпісу складаюць рэсурсы незалежных мэдыя і іхныя акаўнты ў сацыяльных сетках.