Затрымліваюцца вылеты зь Менску: збой на расейскім кірунку парушыў увесь расклад

Самалёт кампаніі "Белавія"

Раніцай 30 жніўня ў Нацыянальным аэрапорце Менск затрымліваюцца многія рэйсы. Найбольшыя праблемы — на напрамках у Расею (Масква, Санкт-Пецярбург), а таксама ў Дубай і Анталью.

Некаторыя рэйсы перанесеныя на некалькі гадзінаў:

  • «Аэрафлёт» у Маскву: з 2:30 на 14:00;
  • Flydubai ў Дубай: з 3:40 на 20:30;
  • «Белавія» ў Санкт-Пецярбург: з 16:15 на 19:40;
  • «Белавія» ў Маскву: з 17:40 на 19:20.

Затрымкі зьвязаныя з абмежаваньнямі ў расейскай паветранай прасторы. У ноч на 30 жніўня расейскае Міністэрства абароны заявіла пра атакі соцень беспілётнікаў. Улады часова абмяжоўвалі працу некаторых расейскіх аэрапортаў.

Рэйсы ў Дубай і Анталью таксама затрымаліся, хоць яны не ляцяць праз Расею. Прычына — ланцуговая рэакцыя ў самім менскім аэрапорце: самалёты і экіпажы, якія павінны былі вылецець на гэтыя напрамкі, спазьніліся з папярэдніх рэйсаў альбо не пасьпелі вярнуцца з прычыны масавых абмежаваньняў на палётах у Расею. У выніку збой на адным кірунку парушыў увесь расклад. Нават пасьля аднаўленьня працы расейскіх аэрапортаў расклад працягвае зьмяняцца праз назапашаныя затрымкі.

Падобныя праблемы з рэйсамі паміж Менскам і Расеяй ужо ўзьнікалі некалькі разоў у жніўні.

Пасажырам раяць правяраць статус свайго рэйсу перад выездам у аэрапорт.