Новы раман Бахарэвіча можна тры дні пампаваць зь Беларусі бясплатна

Выдавецтва «Янушкевіч» на тры дні адкрыла доступ да новага рамана Альгерда Бахарэвіча для ўсіх акаўнтаў Google, зарэгістраваных у Беларусі.

Чытачам зь Беларусі выдавецтва рэкамэндуе стварыць часовы акаўнт для спампаваньня кнігі, каб потым яго цалкам выдаліць. Бо кніга застанецца ў гісторыі заказаў, а гэта можа пагражаць перасьледам з боку ўладаў.

У Беларусі два раманы Альгерда Бахарэвіча ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: «Сабакі Эўропы» і «Апошняя кніга пана А.»

Яшчэ ў красавіку 2021 году мытнікі затрымалі 1000 асобнікаў «Сабакаў Эўропы», а пазьней суд пастанавіў кнігі зьнішчыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

15 тысяч эўра на «няўдзячную справу». Як выдаўцы змагаюцца за беларусізацыю бэстсэлераў сусьветнай літаратуры

У траўні 2022 году сілавікі закрылі кнігарню «Кнігаўка» ў Менску ў дзень яе адкрыцьця і затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча. Ён правёў за кратамі 28 содняў, пасьля чаго пакінуў Беларусь. У кастрычніку 2022 году выдавецтва аднавіла працу ў Польшчы.

У сакавіку 2025 году КДБ абвясьціў экстрэмісцкім фармаваньнем «кааліцыю друкарскіх выдавецтваў» (якой насамрэч не існуе), залічыўшы ў яе Фонд Kamunikat.оrg, Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing.

Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся ў Менску ў 1975 годзе. Першыя тэксты пачаў публікаваць яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Быў адным з заснавальнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Сярод асноўных твораў — «Праклятыя госьці сталіцы», «Сарока на шыбеніцы», «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня», «Дзеці Аліндаркі», «Апошняя кніга пана А.», «Сабакі Эўропы», «Ператрус у музэі» і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Імёны, пашпарты, кватэры беларусаў аддаюць расейцам. Пра што новы раман Альгерда Бахарэвіча