Кіеўская вобласьць, Бучанскі раён. Пасьля расейскіх удараў вечарам 28 жніўня ў вёсцы Мілая адбыўся выбух, пасьля якога пачаўся маштабны пажар і паўторная дэтанацыя боепрыпасаў.
Загінулі 37 чалавек, у тым ліку кіраўнік Дзьмітраўскай грамады Тарас Дзідыч.
Пажар на складзе боепрыпасаў у вёсцы Мілая
Паводле кіраўніка Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Цімура Ткачэнкі, траўмы рознай ступені цяжкасьці атрымалі 42 чалавекі, сярод іх 4 дзяцей. Сем пацярпелых шпіталізавалі.
З зоны надзвычайнай сытуацыі эвакуавалі каля 400 чалавек, у тым ліку каля 60 дзяцей. Пашкоджана з паўсотні жылых дамоў, а таксама пансіянат для сталых людзей і людзей зь інваліднасьцю, гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў вёсцы Мілая быў атакаваны склад боепрыпасаў. Таксама ведамства заявіла пра ўдар па лягістычным цэнтры «Фім сэрвіс», складзкія памяшканьні якога нібыта выкарыстоўваліся для захоўваньня камплектуючых дальнабойных крылатых ракетаў «Фламінга».
Барыспальскі раён. Ад расейскага дрона загінула 14-гадовая дзяўчынка.
Кіеў. Ад расейскай атакі ўначы на 29 жніўня загарэлася кватэра ў дзевяціпавярховым жылым доме, таксама былі пашкоджаныя прыватныя дамы, склад і адміністрацыйны будынак. Два чалавекі пацярпелі.
Расейскія атакі працягнуліся і ў суботу. Ад раненьняў загінула 2-гадовая дзяўчынка, некалькі чалавек пацярпелі.
Наступствы атакі на Кіеў, 29 жніўня 2026
Мікалаеў і Мікалаеўская вобласьць. У ноч і раніцай 29 жніўня Мікалаеў атакавалі балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і дронамі. Пашкоджаныя гаспадарчы супэрмаркет, склад, адміністрацыйны будынак, тры гаражы, аўтамабіль і вокны трох шматкватэрных дамоў, паведаміла Мікалаеўская АВА. На Мікалаеўшчыне атакавалі энэргетычную інфраструктуру. Без электрычнасьці засталіся больш за 300 тысяч абанэнтаў.
Днепрапятроўская вобласьць. У Паўлаградзе ў выніку расейскага ўдару па гаспадарчым супэрмаркеце загінуў 17-гадовы юнак. Яшчэ сем чалавек былі параненыя, трое зь іх — цяжка. У ноч на 29 жніўня ў выніку новых расейскіх атак на вобласьць былі параненыя яшчэ два чалавекі. У Сынэльнікаўскім раёне 66-гадовага мужчыну шпіталізавалі ў стане сярэдняй цяжкасьці, паведаміў кіраўнік АВА.
Харкаў і Харкаўская вобласьць. Ад расейскіх удараў за содні загінуў адзін чалавек, пацярпелі 11. Расейскія войскі таксама скінулі бомбы на Ізюм.
Херсонская вобласьць. За содні загінулі тры чалавекі, 25 параненыя, сярод іх — дзіця і ратавальнікі. Яшчэ аднаго чалавека расейскі дрон забіў раніцай у суботу.
Адэская вобласьць. Адзін чалавек загінуў, трое былі параненыя. Згарэлі 5 грузавікоў з харчовымі прадуктамі, яшчэ тры былі пашкоджаныя агнём.
Наступствы атакі на Адэсу, 29 жніўня 2026 году
Запароская вобласьць. За содні расейскія войскі нанесьлі 932 удары па 48 населеных пунктах Запароскай вобласьці. Адзін чалавек загінуў, 15 былі параненыя ў выніку атак на Запарожжа і Запароскі раён.
Сумская вобласьць. Расейскія войскі ўчынілі паўсотні абстрэлаў 20 населеных пунктаў. Адзін чалавек загінуў. Параненыя 13 чалавек. Сем зь іх пацярпелі ў выніку ўдару па Сумах. Уначы расейскі дрон атакаваў шпіталь. Былі пашкоджаныя дзьве машыны хуткай дапамогі, цывільны аўтамабіль і ўваход у мэдычную ўстанову.
Данецкая вобласьць. За 28 жніўня ў выніку расейскіх удараў у Данецкай вобласьці загінуў адзін мірны жыхар — у Славянску. Яшчэ шэсьць чалавек у вобласьці былі параненыя.
Чарнігаўская вобласьць. Дроны атакавалі прыватны аўтамабіль і аб’ект транспартнай інфраструктуры. Пацярпелі тры чалавекі.
Паводле Паветраных сілаў Украіны, у ноч на 29 жніўня Расея атакавала Ўкраіну супрацькарабельнай ракетай «Онікс», балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 267 дронамі, 233 зь іх зьбілі. У 15 месцах адбыліся выбухі, у чатырох — падзеньні абломкаў.
Расейскі рэактыўны дрон праляцеў праз паветраную прастору Беларусі
Раніцай 29 жніўня падчас масаванай дронавай атакі па Ўкраіне расейскія войскі скарысталіся паветранай прасторай Беларусі.
Паводле тэлеграм-каналу «Ринда моніторить», а 9:55 бесьпілётнік з Бранскай вобласьці Расеі рухаўся ў бок Добруша. Праз тры хвіліны дрон вылецеў зь Беларусі ў кірунку ўкраінскай Дабранкі. Такім чынам, ён праляцеў над Добрускім і Гомельскім раёнамі, адзначыў «Флагшток».
Удары па Расеі і акупаваным Крыме
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў ноч на 29 жніўня над Расеяй, акупаваным Крымам, Азоўскім і Чорным морамі былі перахопленыя і зьнішчаныя 313 украінскіх БПЛА. Паводле ведамства, дроны фіксаваліся над Белгародзкай, Бранскай, Варонескай, Калускай, Курскай, Ліпецкай, Растоўскай і Тульскай абласьцямі, Маскоўскім рэгіёнам, Краснадарскім краем і Татарстанам.
Белгародзкая вобласьць. Дрон атакаваў мікрааўтобус з работнікамі прадпрыемства. Загінулі два мужчыны, яшчэ шасьцёра былі параненыя. У выніку абстрэлу прыватнага сэктару загінулі жанчына і двое мужчын, восем чалавек былі параненыя. Яшчэ адзін мужчына быў паранены пры атацы дрона на аўтамабіль, перадае Interfax.
Растоўская вобласьць. Украінскія дроны ў ноч на 29 жніўня атакавалі Растоў-на-Доне і некалькі раёнаў вобласьці. Паводле губэрнатара Юрыя Сьлюсара, агулам пацярпелі 11 чалавек, сярод іх двое дзяцей. Пашкоджаныя два шматкватэрныя дамы. У Аксаі пад удар трапіў склад Ozon.
Крым. У выніку атакі дронаў загінуў адзін чалавек і трое пацярпелі, паведаміў расейскі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў. Пашкоджаныя 8 прыватных і тры шматкватэрныя дамы.
Тэлеграм-канал «Крымский ветер» паведамляў пра выбухі ў некалькіх раёнах паўвострава. Спадарожнікавы сэрвіс NASA FIRMS зафіксаваў узгараньне ў паўночнай частцы расейскага вайсковага аэрадрому ў Гвардзейскім.
Зяленскі паставіў задачу запускаць па Расеі да 1000 дронаў у содні
Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паставіў задачу нарасьціць вытворчасьць дальнабойных бесьпілётнікаў, каб Сілы абароны маглі запускаць па тэрыторыі Расеі да тысячы дронаў за содні. Пра гэта ён заявіў па выніках паседжаньня Стаўкі 28 жніўня.
Паводле Зяленскага, цяпер у сярэднім з Украіны запускаюць больш за 300 дронаў.
У Растоўскай вобласьці ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі праз спыненьне працы партоў
У Растоўскай вобласьці Расеі з 18:00 28 жніўня ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі праз назапашваньне сельскагаспадарчай прадукцыі, якую не ўдаецца вывезьці морам праз атакі ўкраінскіх дронаў на грузавыя караблі.
Вывазу прадукцыі няма ўжо з 10 ліпеня.