Акцыю арганізавала грамадзкая актывістка Марыя Грыц, якая называе сябе «капітанкай беларускага пірацкага флёту». У Нацыянальным музэі Даніі захоўваецца невялікі залаты крыж XII стагодзьдзя, вядомы як крыж Дагмар. Адна з навуковых вэрсій зьвязвае яго з Сафіяй Менскай — дачкой менскага князя Валадара Глебавіча, якая ў 1157 годзе выйшла замуж за дацкага караля Вальдэмара I і стала каралевай Даніі. Паводле гэтай вэрсіі, Сафія магла прывезьці крыж з усходнеславянскіх земляў у Данію. Аднак дакладных доказаў, што крыж сапраўды належаў Сафіі Менскай, няма.
Ілюстрацыйны каляж з старонкі Марыі Грыц у фэйсбуку
Марыя Грыц некалькі гадоў таму ўбачыла арыгінал крыжа ў Капэнгагене і вырашыла стварыць яго рэпліку — такой, якой рэліквія магла выглядаць у XII стагодзьдзі. Копію ў Грузіі зрабіў ювэлір Ілія Чаквітадзэ. Грошы на праект зьбіралі беларусы, частку фінансаваньня ўзяла на сябе нацыянальная ініцыятыва Maldzis. Пра тое, як прайшла экспэдыцыя, Марыя Грыц распавяла ў «ПіКу Свабоды».
00:00 Лукашэнка ляціць у Маскву пасьля візыту кіраўніка ЦРУ
09:09 Чаму Лукашэнка прытуляў ваенных злачынцаў
15:12 Якія інтарэсы афіцыйнага Менску ў Паўночнай Карэі?
19:50 Ці рыхтуецца Расея атакаваць краіны Балтыі
23:13 Дэсант «беларускіх піратаў» у Капэнгагене
28:49 Спрэчка вакол «крыжа Сафіі Менскай»
«22 жніўня ў Капэнгагене высадзіўся першы беларускі пірацкі флёт. Я кажу гэта і нават ня веру, калі шчыра, хоць усё ўжо адбылося».
Паводле Марыі Грыц, беларуская імпрэза была падобная да невялікага фэстывалю. Удзельнікі спачатку плылі на чоўнах па Капэнгагене, потым прайшлі ўрачыстай хадой, а пасьля на Новай каралеўскай плошчы адбыўся канцэрт з удзелам гуртоў «„Гоман“ і KurwaDziki». Пасьля гэтага беларусы паехалі ў Рынгстэд, дзе пахаваная каралева Даніі Сафія.
«Чароўная Брыгіта распавяла нам пра вельмі пакручасты жыцьцёвы лёс каралевы Даніі Сафіі. Яна настолькі зацікаўленая гэтай гістарычнай постацьцю, што нават напісала кнігу. І зараз беларуская супольнасьць займаецца перакладам гэтай кнігі».
Грыц кажа, што да справаздачнай імпрэзы, якая мае адбыцца ў кастрычніку ў Музэі Вольнай Беларусі, плянуецца таксама падрыхтаваць дакумэнтальны фільм пра Сафію, крыж і саму «пірацкую» экспэдыцыю. Яна таксама хоча стварыць мапу беларускіх скарбаў за мяжой.
«Гэта пачыналася як жарт: „Марыя, давай вось так, толькі пірацкая, кожны год куды-небудзь будзем езьдзіць, плаваць, лятаць і здабываць скарбы“. А цяпер я адчуваю, што, можа быць, гэта будзе і не жарт, таму што беларускіх скарбаў вельмі шмат — і страчаных, і падораных, і скрадзеных».
Грыц спадзяецца, што рэпліка крыжа Дагмар зможа падарожнічаць па розных краінах і гарадах.
«Я буду рада дзяліцца гэтай гіпотэзай з усімі ахвочымі, хто прыйдзе на сустрэчу і паглядзіць на неймаверна прыгожы крыж».
На думку актывісткі, гісторыя крыжа дае магчымасьць гаварыць ня толькі пра Сафію Менскую, але і пра ролю жанчын у гісторыі, сувязі Беларусі са Скандынавіяй і мастацтва сярэднявечча.
«Гэта толькі вэрсія, а не даказаны факт»
Вакол праекту ўзьнікла дыскусія сярод беларускіх гісторыкаў.
Гісторык, дасьледчык, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Аляксандар Паршанкоў крытыкуе катэгарычнае называньне рэліквіі «крыжом Сафіі Менскай».
Аляксандар Паршанкоў: На мой погляд, і мне падаецца, што гэтую думку падзяляюць і іншыя гісторыкі, якія займаюцца беларускім сярэднявеччам, галоўная праблема крыжа Дагмар у тым, што ў нас няма доказаў таго, што гэты крыж мог быць нейкім чынам зьвязаны з легендарнай Сафіяй Менскай, з каралевай, якая паходзіць з Беларусі. Гэта толькі адна з вэрсій, прычым гэтых вэрсій было агучана на працягу 20-га стагодзьдзя нямала. І нават дацкая дасьледчыца, якая займалася гэтай гэтай праблематыкай, пералічыла каля шасьці магчымых вэрсій паходжаньня крыжа. У тым ліку тую, што гэты крыж мог быць падараваны імпэратарам Візантыі, што гэты крыж мог паходзіць з Ноўгарада.
Таму беларуская вэрсія, што праз землі Беларусі гэтая рэліквія патрапіла ў Данію, гэта, на мой погляд як прафэсійная гісторыка, вельмі непразрыстая, недаказаная, нават не гіпотэза, а толькі вэрсія. Калі я пабачыў вось на працягу апошніх месяцаў такую хвалю падтрымкі, «вяртаем нацыянальную сьвятыню, вяртаем нашую спадчыну», то ў мяне ўзьнікае пытаньне: чаму б не папулярызаваць вось постаць самой Сафіі Менскай? І вось на гэта трэба было ставіць акцэнт.
А тут такая дзіўная гісторыя, калі мы мяняем атрыбуцыю артэфакта, мы перапісваем гісторыю фактычна. Нам жа не падабаецца, калі ўмоўна таго ж Марка Шагала падпісваюць як выхадца з Расеі. Ён беларус. Таму чаму вось раптам прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці прыйшлі ў Дацкі музэй і кажуць: «Гэта наша. Давайце гэты крыж будзе цяпер сьвятыняй беларускага народу». А чэская вэрсія паходжаньня? А візантыйская? Таму тут трэба быць асьцярожным. Я не супраць гістарычных мітаў. Я не супраць таго, што гэта падтрымоўвае цікаўнасьць да беларускай мінуўшчыны, але тым не менш хацелася б, каб да такіх праектаў абавязкова былі далучаныя прафэсійныя гісторыкі. Нас не клікалі, наколькі я ведаю, прафэсійных менавіта гісторыкаў.
«Гэты міт стварыла не беларускае грамадзтва»
Іншага погляду прытрымліваецца гісторык і пісьменьнік Сяргей Абламейка.
Сяргей Абламейка: Я выказаў сваё меркаваньне ў Facebook троху іранічна не як чалавек, які мае гістарычную адукацыю, а проста як беларус. Само па сабе было дзіўна ўбачыць такі зладжаны хор, чалавек пяць, як найменш, я прачытаў беларускіх гісторыкаў, што ня трэба грамадзкасьці соўвацца ў навуку. Не даказана, не даказана, не даказана. Не лезьце, не стварайце мітаў. Гэта было вельмі дзіўна пачытаць. Сама гэтая сытуацыя не народжаная грамадзкасьцю. Так, беларусы актуалізавалі гэтую тэму, стварылі копію гэтага крыжа, зладзілі гэтую экспэдыцыю. Ну, такую варушняк стварылі беларускі, што само па сабе добра. Беларуская культура з адсылкамі ў гісторыю разьвіваецца, беларусы жывыя, жывуць, жартуюць і нешта робяць.
Па-другое, гэты міт не стварала беларускае грамадзтва. Яно не лезе ў сфэру адказнасьці прафэсійных гісторыкаў. Гэты міт стварыла дацкі гісторык, мэдыявістка, дырэктарка Нацыянальнага музэя Даніі Фрыцэ Ліндэр яшчэ ў 1978 годзе. Дацкі гісторык прафэсійны, якая знаходзіцца на месцы ў Даніі, якая непараўнальна лепш за беларускіх гісторыкаў, ведае кантэкст, дацкія дынастычныя сувязі, абставіны. Калі такі чалавек выстаўляе такую гіпотэзу, да гэтага трэба прыслухоўвацца.
Абламейка кажа, што гіпотэзы зьяўляюцца натуральнай часткай гістарычнай навукі.
«Вот мяне радуе, што ў Facebook былы загадчык катэдры гістарычнага факультэта БДУ, былы прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта Павал Церашковіч таксама напісаў іранічна, пра што тут спрачацца? Гэта 50 на 50, можа быць так і можа не. Але ўразілі гэты стройны хор адмаўленьня. Нам ня трэба гэты крыж, нам не патрэбна нават гэта Сафія, нам не трэба даказваць, што мы эўрапейцы. Як жа ня трэба даказваць, што мы эўрапейцы? А што сёньня пануе ў ідэалёгіі і прапагандзе ў сучаснай Беларусі? Хіба не тэорыя адзінарускага народу і хіба не эўразійства? Мы ня можам сьцьвярджаць, што было адно так, другое гэтак. Наўрад ці хто-небудзь калі-небудзь дакажа нешта адваротнае, чым тая гіпотэза, якую высунула прафэсарка Фрыцэ Ліндаль».