Як адзначаецца ў паведамленьні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі, у цырымоніі ўдзельнічалі старшыня гэтага камітэту Дзьмітры Пантус, камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі Андрэй Лук’яновіч і прадстаўнікі кіраўніцтва двух расейскіх прадпрыемстваў.
Праект рэалізавалі ААТ «2566-ы завод рамонту радыёэлектроннага ўзбраеньня» пры ўзаемадзеяньні зь Менскім заводам колавых цягачоў і расейскімі прадпрыемствамі — канцэрнам «Алмаз-Антей» і Іжэўскім электрамэханічным заводам «Купол».
У камітэце сьцьвярджаюць, што ў цэнтры будуць капітальна рамантаваць «баявыя машыны 9А331МК з складу ЗРК „Тор-М2К“, якія знаходзяцца на ўзбраеньні Ўзброеных сілаў Беларусі, беспасярэдне на тэрыторыі краіны».
«Гэта дазволіць шматкроць скараціць тэрміны аднаўленьня тэхнікі, засвоіць новыя тэхналёгіі капітальнага рамонту сучасных і складаных комплексаў, што створыць зачын для мадэрнізацыі іншых узораў узбраеньня. Новы рамонтны цэнтар у Барысаве — наглядны вынік вытворчай і тэхналягічнай каапэрацыі паміж вайскова-прамысловымі комплексамі дзьвюх краін», — адзначылі ў камітэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Магчымую базу «Арэшніку» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны. Спадарожнікавыя здымкіШто папярэднічала
Улады засакрэцілі зьвесткі аб колькасьці расейскіх зэнітна-ракетных комплексаў «Тор» у складзе Ўзброеных сілаў Беларусі. Калі арыентавацца на публічныя заявы вайсковага кіраўніцтва, на ўзбраеньні ў Беларусі можа быць ня менш за 6–7 батарэяў «Тор-М2» і «Тор-М2К» — гэта прыблізна 24–28 баявых машын.
Беларусь ізноў пачала набываць расейскія комплексы «Тор» у 2024–2025 гадах, да таго апошнія пастаўкі былі ў 2018 годзе. Кіраўніцтва арміі сьцьвярджала, што армія атрымала на ўзбраеньне мадыфікаваныя з улікам досьведу баявых дзеяньняў комплексы «Тор-М2».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусь прыбылі чарговыя батарэі ЗРК «Тор-М2»Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна без перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні, а беларускія прадпрыемствы выконваюць заказы вайскова-прамысловага комплексу Расеі.