Ужо сёньня: 90 гадоў з дня нараджэньня Генадзя Бураўкіна

Генадзь Бураўкін

Падзеі 28 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

28 жніўня 1936 году нарадзіўся Генадзь Бураўкін — беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч, дыплямат.

Працаваў у беларускіх СМІ, быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», з 1978 году — старшыня Дзяржаўнага камітэту Беларускай ССР па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні.

У студзені 1990 году ў Вярхоўным Савеце 11-га скліканьня быў адным з дэпутатаў, якія дамагаліся прыняцьця Закону аб мовах.

У 1990–1994 гадах быў сталым прадстаўніком Беларусі пры ААН — спачатку Беларускай ССР, а пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Пасьля вяртаньня, у 1994–1995 гадах, быў намесьнікам міністра культуры і друку. У 1995–2001 гадах працаваў у часопісе «Вожык».

Аўтар больш як двух дзясяткаў паэтычных кніг, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. На ягоныя вершы напісаныя шмат песень. І, бадай, самая вядомая зь іх — «Калыханка».

Памёр Генадзь Бураўкін 30 траўня 2014 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генадзь Бураўкін. ВершыЧаму нам не хапае Генадзя БураўкінаСяргей Шапран: «Дзёньнікі Генадзя Бураўкіна яшчэ чакаюць свайго часу»Голас Генадзя Бураўкіна ў новай аўдыёкнізеБураўкін быў шанцам для БеларусіЗ Бураўкіным разьвітваліся пад бел-чырвона-белым сьцягам (фота, відэа)Бураўкін на СвабодзеГенадзь Бураўкін: Пісьменьнікі павінны гаварыць уладзе праўду ў вочы

Гэты дзень у гісторыі

1656 — перамога войска Рэчы Паспалітай у бітве пад Любжам у часе II Паўночнае вайны.

1919 — кіраўнік Польскай дзяржавы Юзаф Пілсудзкі выдаў дэкрэт аб аднаўленьні ў Вільні ўнівэрсытэту, якому надалі імя Стэфана Баторыя. Унівэрсытэт працягваў традыцыю гістарычнай Віленскай акадэміі і Віленскага ўнівэрсытэту, закрытага расейскімі ўладамі ў 1832 годзе. Урачыстае адкрыцьцё новай навучальнай установы адбылося 11 кастрычніка 1919 году.

1929 — у БССР правялі першы «Дзень калектывізацыі». За адзін гэты дзень у краіне створана 143 калгасы. Эмісары кампартыі сьпяшаліся абвесьціць Беларусь зонай суцэльнай калектывізацыі, таму думка сялян пра абагульненьне іхнай прыватнай маёмасьці ня ўлічвалася. Сотні тысяч нязгодных гаспадароў паплаціліся за свае пратэсты свабодаю і жыцьцём.

1963 — лідэр змаганьня за правы афраамэрыканцаў Мартын Лютэр Кінг з прыступак Мэмарыялу Лінкальна выступае са знакамітай прамовай «I have a dream» («Я маю мару»).

Марцін Лютэр Кінг выступае з прамовай «I have a dream», 28 жніўня 1963

1990 — Ірак абвясьціў Кувэйт сваёй правінцыяй.

1994 — у Беларусі ўпершыню адбылося сьвяткаваньне Дня беларускага пісьменства і друку.

У гэты дзень нарадзіліся

1749 Ёган Вольфганг фон Гётэ, нямецкі пісьменьнік.

1765 Тадэвуш Чацкі, гісторык, дзяяч асьветы і навукі на тэрыторыі ВКЛ.

1772 Францішак Сапега, генэрал-лейтэнант у паўстаньні Касьцюшкі, пасьля задушэньня паўстаньня прысягнуў Кацярыне ІІ, маршалак шляхты Менскай губэрні.

1874 Аляксандар Уласаў, палітык, заснавальнік-выдавец і першы рэдактар газэты «Наша ніва», сэнатар польскага Сэйму і заснавальнік Радашкавіцкай беларускай гімназіі. У 1918 годзе Ўласаў уваходзіў у склад Рады БНР. Быў арыштаваны НКВД у 1939 годзе, памёр у ГУЛАГу.

1890 Язэп Рэшаць, беларускі рэлігійны і культурна-асьветны дзяяч, навуковец, пэдагог, пісьменьнік, драматург і публіцыст.

1912Віктар Астроўскі, картограф, сын Радаслава Астроўскага, вязень ГУЛАГу, адкуль здолеў уцячы, дзяяч эміграцыі.

1915 Чэслаў Найдзюк, дзяяч беларускай эміграцыі ў Каліфорніі.

1918Міхась Пянкрат, паэт і празаік.

1922 Цімох Вострыкаў, удзельнік антысавецкага збройнага супраціву пачатку 1950-х, палітвязень, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Цімох Вострыкаў

1934 Васіль Мельяновіч, дзяяч паваеннай эміграцыі ў ЗША.

1939 Якаў Басін, лекар, гісторык, культуроляг і дзяяч габрэйскай грамады Беларусі, аўтар кніг па гісторыі габрэяў у Беларусі, дасьледаваньняў у галіне Галакосту і барацьбы з антысэмітызмам.

1940Аляксандар Ярашэвіч, мастацтвазнавец.

1951 Віктар Александровіч, мастак, ілюстратар кніг.

1958Аляксандар Грыцанаў, філёзаф і энцыкляпэдыст.

1972 Зьміцер Завадзкі, беларускі журналіст, тэлевізійны апэратар. Гвалтоўна зьнік у 2000 годзе.

Партрэт Зьмітра Завадскага на вечарыне памяці

У памяці

430 — сьвяты Аўгусьцін Аўрэлій, прапаведнік хрысьціянства.

1640 Рафал Корсак, уніяцкі царкоўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

1744 Васіль Вашчыла, кіраўнік збройнага сялянскага паўстаньня ў Крычаўскім старостве ў 40-х гадах XVIII стагодзьдзя.

1916 Уладзіслаў Вярыга, доктар філязофіі, філёзаф і этнограф, зьбіральнік фальклёру.

1969Сяргей Розмысл, дзяяч беларускага руху і эміграцыі.

1979 Канстанцін Сіманаў, расейскі пісьменьнік. Паводле запавету, ягоны попел разьвеяны пад Магілёвам.

1991 Лідзія Вакулоўская, пісьменьніца, перасьледаваная савецкімі спэцслужбамі.

2015 — памёр ад раненьняў, атрыманых у баі каля вёскі Белая Каменка (Данецкая вобласьць), Алесь Чаркашын — вайсковец, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя, герой вайны на ўсходзе Ўкраіны. Пахаваны ў Берасьцейскім раёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 гадоў таму Алесь Чаркашын першым зь беларусаў загінуў у баях за Ўкраіну, цяпер такіх дзясяткі