Хроніка перасьледу 27 жніўня: новая справа за «абразу» Лукашэнкі, завочны перасьлед музыканта

Турма ў Магілёве, ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Справа за «абразу» Лукашэнкі

52-гадовага жыхара Менска ўзялі пад варту за «нэгатыўны і абразьлівы камэнтар» пра Аляксандра Лукашэнку, паведамляе «Позірк» з спасылкай на інфармацыю з пракуратуры Заводзкага раёну Менску. Паводле сілавікоў, мужчына дзейнічаў «з мэтай прынізіць гонар і годнасьць Лукашэнкі». На яго завялі справу паводле часткі 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу («абраза Лукашэнкі»), які прадугледжвае да 4 гадоў зьняволеньня.

Журналістаў дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў»

КДБ Беларусі дадаў у склад прызнанага раней «экстрэмісцкім фармаваньнем» інфармацыйнага агенцтва «Позірк» журналістаў Руслана Бацянкова, Вольгу Быкоўскую, Арцёма Ляву, Захара Шчарбакова і Аляксандра Янусіка, піша БАЖ.

Таксама ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які вядзе Міністэрства інфармацыі, уключаны ютуб-канал belarusworld з аўдыторыяй каля 5,8 тысячы падпісчыкаў. Рашэньне прынятае на падставе пастановы суду Цэнтральнага раёну Менску, паведаміў «Позірк».

Новы завочны перасьлед

Сьледчы камітэт Беларусі адкрыў спэцыяльнае вядзеньне (завочна) на музыку Вадзіма Дубойскага і Аляксандра Сьвірскага, якія раней зьехалі зь Беларусі.

Вадзім Дубойскі — 36-гадовы гістарыст гардкор-панк-групы Vagitta, якога ў жніўні 2020 году затрымалі і пабілі ў Берасьці, але пазьней ён змог выехаць за мяжу. Дубоўскаму закідваюць артыкул 293 КК аб «масавых беспарадках».

Пра 29-гадовага Аляксандра Сьвірскага вядома, што орган крымінальнага перасьледу ў Століне завёў на яго справу паводле шэрагу артыкулаў КК, уключна з 290-1 («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 21 жніўня: у сьпіс «экстрэмістаў» дадалі музыканта Міхалка

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.