Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў днямі вярнуўся з замежнага адпачынку. Адпачываў ён ня ў звыклых для беларусаў Турэччыне ці Эгіпце. Рыжанкоў наведаў з гэтай мэтай Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку. Дэталі адпачынку беларускага чыноўніка на паўночнакарэйскай зямлі не раскрываюцца, аднак вярнуўся Рыжанкоў натхнёны і з навінамі аб магчымым хуткім скасаваньні візавага рэжыму паміж Менскам і Пхеньянам. Дамова ўжо падрыхтаваная, засталося толькі падпісаць.
Лукашэнка (зьлева) побач з кіраўніком КНДР Кім Чон Ынам падчас свайго першага візыту ў Пхеньян у сакавіку 2026 году
Якім чынам гэты крок можа паўплываць на павелічэньне турыстычнага патоку зь Беларусі ў КНДР, пакуль невядома. Паўночная Карэя застаецца самай закрытай дзяржавай сьвету, нягледзячы на паслабленьні апошніх дзесяцігодзьдзяў. Трапіць туды ў якасьці індывідуальнага турыста па-ранейшаму немагчыма (калі ты не міністар замежных справаў Беларусі, вядома), КНДР могуць наведваць толькі арганізаваныя турыстычныя групы. Цэны на туры вагаюцца залежна ад працягласьці і лягістыкі даезду, але гэта ўсё адно нятанна — прыкладна ад 1500 эўра за тыдзень. Можна знайсьці варыянт паездкі на выходныя за 500–600 эўра. Дадаткова прыйдзецца заплаціць за квіткі ў абодва бакі да Пэкіну ці Ўладзівастоку. Менавіта адтуль стартуюць паездкі ў КНДР для замежных турыстаў.
6 тысяч эўра
На просьбу Свабоды пра свой досьвед наведваньня Паўночнай Карэі расказаў беларус Яўген (ён папрасіў не называць прозьвішча з прычын бясьпекі. — РС). Яўген быў у Паўночнай Карэі ў 2011 годзе, апошнім годзе кіраваньня Кім Чэн Іра (зараз дзяржавай кіруе яго сын Кім Чэн Ын, пры якім умовы для замежных групаў крыху спрасьціліся, а саміх замежных турыстаў у краіне стала больш. — РС). Кажа, што паездка была няпростай. Акурат у той час ён задумаў аб’ехаць умоўную «Вось зла», і Паўночная Карэя была самай закрытай з шэрагу краінаў з дыктатарскімі і таталітарнымі рэжымамі, якія можна было ў гэтую вось уключыць.
«Хацеў наведаць усе гэтыя краіны — Судан, Емэн, Іран, нешта такое, — узгадвае Яўген. — Грошы ў мяне тады былі. Каб трапіць у Паўночную Карэю, тады трэба было зьвярнуцца ў швайцарскую фірму. Толькі яна магла арганізаваць такое. Трэба было сабраць групу з 10 чалавек. Колькі гэта тады каштавала, я дакладна ня памятаю. Але да халеры грошай. Недзе 6 тысяч эўра».
Тыповая скульптурная кампазыцыя ў Паўночнай Карэі. Фота з архіву героя
Паездка Яўгена ў КНДР працягвалася тры тыдні, разам зь іншымі ўдзельнікамі туру за гэты час ён аб’ехаў усю дзяржаву. Спачатку паляцеў у Маскву, адтуль у Пэкін, далей у Пхеньян.
«Як толькі мы сышлі з трапа самалёта і ступілі на зямлю Паўночнай Карэі, у нас забралі тэлефоны, — узгадвае Яўген свае першыя хвіліны ў той вандроўцы. — Паглядзелі камэры на іх і запісалі, што мы маем у тэлефонах камэры. Тады мяне гэта не напалохала, я ж ведаў, куды еду. Назад у той момант не захацелася. Захацелася трошкі пазьней».
Яўген узгадвае, што, нягледзячы на даволі працяглы для турыста час, які ён правёў у Паўночнай Карэі, усе маршруты іхнай паездкі былі строга вызначаныя. Групу пастаянна суправаджалі людзі ў цывільным, побач была жанчына-экскурсавод. Выйсьці куды-небудзь самастойна аднаму за тры тыдні яму так і не ўдалося.
«Гэта быў, так скажам, нават не „Савок 2.0“, — гаворыць Яўген. — Гэта быў „Савок у квадраце“. Станавілася зразумела, што ў нас на радзіме яшчэ лайтова. Нас вазілі па экскурсіях, паказвалі жыцьцё карэйскага народу з правільнага, добрага боку. Але я ж сам з „Саўка“, мне гэта адразу зразумела. Як толькі нейкае прыгожае месца, то адразу стаіць помнік некаму з Кімаў. Або адразу некалькім у адным месцы. І цябе возяць ад помніка да помніка, і ты павінен ім кланяцца. Мясцовых піянэраў прыганяюць глядзець, як ты кланяесься гэтым помнікам. У нейкі момант праз тыдзень знаходжаньня там у мяне нарадзіўся ўнутраны пратэст. Я сказаў ім, што маю праблемы з страўнікам, і нікуды не паехаў, застаўся ў гатэлі. Гатэль быў на высьпе ў Пхеньяне, у горад адна дарога праз мост. І яны нібы кажуць, што ісьці самому можна куды хочаш. А на практыцы аказваецца, што не. І калі ты пойдзеш адзін некуды, то за табой натоўп мясцовых „гэбэшнікаў“ адразу».
Група Яўгена падчас аднаго з абавязковых паклонаў помніку карэскім правадырам. Фота з архіву героя публікацыі
У выніку «акцыя пратэсту» Яўгена пратрымалася адзін праведзены ў гатэлі дзень. На наступны дзень ён зноў паехаў на экскурсіі разам з рэштай групы.
«Я агулам там моцна вылучаўся, шакаваў людзей, нават калі мы хадзілі разам з суправаджальнікамі, — узгадвае суразмоўца. — Людзі ў Паўночнай Карэі невысокія, недзе 1,60. А я — наадварот, нестандартны для іх. І мне суправаджальнікі казалі, што людзі ў Карэі ня вельмі любяць, калі іншаземцы так ходзяць самі. У рэстаран, у бар увечары — немагчыма. Я нават ня змог у краму адзін схадзіць. Мы трапілі ў адну, для іншаземцаў, відаць. Як выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі. Сьпелая дыня ляжала на вітрыне, я дакрануўся да яе, а яна гнілая ўнутры».
Адзеньне, прырода і пляжы
Яўген расказвае, што вельмі хацеў купіць у Паўночнай Карэі адзеньне мясцовай вытворчасьці, у якім ходзяць самі карэйцы. Апісвае яго як нешта сярэдняе паміж цывільным адзеньнем, працоўнай робай і вайсковым мундзірам. Але так і не знайшоў, дзе можна сабе набыць нешта падобнае. У выніку сувэніры купляў у адмысловай турыстычнай краме на мяжы Паўночнай і Паўднёвай Карэяў.
«Паесьці нас вадзілі ў рэстараны і кавярні, там зь мясцовых можна было пабачыць толькі людзей у вайсковай форме, іншых я ня бачыў, — узгадвае суразмоўца. — З страваў памятаю кімчы — марынаваная капуста зь перцам. Гэта такая аснова для іншых страваў, яна заўсёды ёсьць на стале. Зь мяса сьвініна была. Ежа да кітайскай падобная. Ёсьць страва, якую называлі „самавар“. Табе даюць посуд з кіпнем на сьпіртоўцы, і ты сам можаш туды апускаць кавалкі сырой ежы і гатаваць іх там. Нам расказвалі, што таварыш Кім Ір Сэн так вучыў карэйскіх партызанаў есьці».
Адно з афіцыйных мерапрыемстваў, якое наведвала турыстычная група Яўгена. Фота з архіву героя публікацыі
Усе выдаткі на харчаваньне і іншыя дробныя траты былі ўключаныя ў цану туру, кажа Яўген. Асобна плаціць за нешта амаль не даводзілася. Суразмоўца ўзгадвае, што ўжо на месцы даведаўся пра існаваньне на той момант турыстычных сувязяў паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі. Шмат знакавых для карэйцаў з абедзьвюх дзяржаваў мясьцінаў знаходзяцца акурат на тэрыторыі Паўночнай Карэі, таму дзейнічала пагадненьне паміж урадамі пра магчымасьць арганізацыі паездак.
«Паўночная Карэя — гэта вельмі прыгожая краіна, — працягвае Яўген. — Вельмі прыгожая. На 70% тэрыторыі там такія як быццам узгоркі. Ня горы, а высокія ўзгоркі, парослыя зелянінай. Цёплы выдатны клімат. Неймаверная прырода. У моры я там купаўся, у Жоўтым. Карэйцы купаюцца. Кітайцы — не, не прынята. Пляжы ў КНДР таксама ёсьць, у нейкім выглядзе іх падтрымліваюць. Але вось людзей, дзяцей, якія б весяліліся на пляжах там, як у іншых краінах, я ня бачыў. Іх няма».
«Даў ёй пад дых»
Суразмоўца дадае, што пачуваўся ў Паўночнай Карэі абсалютна бясьпечна. У тым ліку таму, што побач зь яго групай пастаянна былі суправаджальнікі, і думаць нават пра тэарэтычную магчымасьць крадзяжоў або нейкіх канфліктаў зь мясцовымі не даводзілася. Наадварот, непрыемныя сытуацыі ўзьнікалі хутчэй у тых карэйцаў, якія выпадкова да яго набліжаліся.
«Мяне шакавалі такія моманты, — кажа Яўген. — У пэўныя дні тыдня з 12-й да 13-й гадзіны нам можна было праехаць у Пхеньяне паміж дзьвюма вызначанымі станцыямі мэтро. Я так паехаў. Выходзіў з мэтро, перада мной натоўп быў. Я ж вялікі, жанчына адна мяне пабачыла і абамлела, спынілася ў дзьвярах перада мной. І тут мужчына, які побач са мной стаяў незаўважна, ударыў яе, даў пад дых. Так, каб я ня бачыў, але я заўважыў усё адно. Яна абсела адразу моўчкі. Я яшчэ падумаў тады, што гэта мне, магчыма, падалося, ці што. А пасьля тое самае здарылася, калі я быў на футбольным матчы. Там адзін хлопец мясцовы на мяне паглядзеў, спыніўся, і яму вайсковец адразу — удар пад дых. Такія там парадачкі».
На стадыёне ў Пхеньяне падчас прагляду футбольнага матча
Ці хацеў бы Яўген яшчэ раз трапіць у Паўночную Карэю? Суразмоўца на такое пытаньне адразу адказаць станоўча ня можа. Але кажа, што ўсім раіць туды зьезьдзіць, нягледзячы на складанасьці і непрыемныя моманты.
«Вельмі карысна там пабываць, — упэўнены Яўген. — Для ўсіх людзей у сьвеце. Вельмі карысна. Каб пабачыць, да чаго можа давесьці такая мадэль дзяржаўнага ладу. Ведаеце, я быў шмат дзе. Я быў на поўдні Этыёпіі. Там людзі ходзяць голымі. Дзеці там худыя, з апухлымі ад голаду жыватамі. Але яны свабодныя, вясёлыя. А ў Паўночнай Карэі я ня бачыў вясёлых людзей. Ня бачыў, каб нехта бегаў і весяліўся, быў радасны».
Суразмоўца кажа, што за тры тыдні падарожжа завязаў нейкі нефармальны кантакт зь некалькімі мясцовымі зь ліку суправаджальнікаў яго групы. У тым ліку з жанчынай, якая праводзіла для іх экскурсіі.
«Падчас адной з нашых размоваў яна заплакала, — узгадвае Яўген. — Я спрабаваў супакоіць, спытаўся, чаму яна плача. А яна адказала, што гэта праз тое, што яна так і не змагла мяне пераканаць у тым, якая добрая Паўночная Карэя краіна. І гэта шчыра было, яна шчыра расплакалася праз гэта. Так жывуць людзі там. Вераць. Нас павезьлі ў дзіцячы летнік, там на сьцяне мапа сьвету вісела. Увесь сьвет быў шэрым колерам пазначаны, а Паўночная Карэя — чырвоным».
Жыхары Паўночнай Карэі на футбольным стадыёне падчас міжнароднага матча. Фота з архіву героя публікацыі
Нягледзячы на вялікую колькасьць падарожжаў і працяглы час, які прамінуў з той вандроўкі, Яўген дагэтуль лічыць свой паўночнакарэйскі досьвед унікальным.
«Ведаеце, там, дзе я меў гэтыя 3–4 чалавечыя кантакты, мне гэтыя людзі былі вельмі сымпатычныя, — узгадвае ён. — Тады я, вядома, ня думаў, што ў падобным кірунку калісьці Беларусь пойдзе. Нягледзячы ні на што. Але нават зараз, калі нехта зь беларусаў паедзе турыстам у Паўночную Карэю, ён там адчуе сябе свабодным чалавекам. Нам усё ж яшчэ далёка да таго, што я пабачыў там».