Пра тэрміновую пасадку самалёта кампаніі «Белавія» ў аэрапорце Анкары паведаміла прэс-служба нацыянальнага беларускага авіяперавозьніка.
Інцыдэнт адбыўся 24 жніўня пры выкананьні чартэрнага рэйсу В2 8148 Шарм-эль-Шэйх (Эгіпет) — Менск. Пасажыру стала дрэнна, пасьля ён сканаў на борце, піша Позірк.
«Экіпаж прымаў усе меры для аказаньня дапамогі, — гаворыцца ў прэс-рэлізе. — Яшчэ перад пасадкай бортправаднікі аб’явілі праз гучную сувязь, што патрабуецца падтрымка мэдычных работнікаў. На заклік адгукнуліся два кваліфікаваныя лекары. Пасажыру была праведзена сардэчна-лёгачная рэанімацыя. Камандзір вырашыў тэрмінова пасадзіць самалёт, каб перадаць пасажыра мэдыкам. На жаль, нягледзячы на ўсе зробленыя намаганьні, выратаваць жыцьцё пасажыра не ўдалося».
Пасьля выкананьня неабходных працэдураў і дазапраўкі борт вылецеў з турэцкай сталіцы ў Менск, дзе сеў у 07:42 25 жніўня. Такім чынам, паводле зьвестак Нацыянальнага аэрапорту Менск, затрымка рэйса склала пяць гадзін 15 хвілін.
Чаму гэта важна
Праз вайну ва Ўкраіне беларускія самалёты аблятаюць украінскую тэрыторыю і закрытыя зоны Расеі. Час палёту істотна вырас, на асобных кірунках самалёты робяць тэхнічныя пасадкі для дазапраўкі.
Гэтыя захады адбіваюцца на палётнай праграме і цягнуць за сабой як затрымкі, так і зьмены ў раскладзе, падаражэньне квіткоў і цяжкасьці для пасажыраў.