Для новага вайсковага аб’екту пад Гомлем будуюць чыгунку і плятформу для тэхнікі

Ілюстрацыйнае фота

У Гомельскай вобласьці каля вёскі Якімаўка будуюць чыгуначную інфраструктуру, здольную прымаць вайсковыя эшалёны.

Гэта вынікае з праектнай дакумэнтацыі, атрыманай Супольнасьцю чыгуначнікаў Беларусі. Яна пацьвярджае, што для абʼекту з афіцыйнай назвай «Будаўніцтва палігону ў Гомельскай вобласьці» праектуюць асобную чыгуначную інфраструктуру.

Замоўцам пазначаны «Інстытут „Ваенпраект“». Праект прадугледжвае асобную падʼязную каляіну, разьлічаную на колькасьць да 60 вагонаў, і грузавую плятформу з рампай для выгрузкі колавай і тракавай тэхнікі.

Дакладнае месца разьмяшчэньня новага палігону пакуль невядомае.

На тэрыторыі паблізу Гомля з канца 2023 году ідзе маштабнае будаўніцтва новай вайсковай базы, дзе, імаверна, будзе разгорнутая 37-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі. Пра гэта раней пісала Свабода.

Урад Аляксандра Лукашэнкі стварыў гэтую брыгаду ў 2025 годзе для «ўмацаваньня паўднёвага ўчастку» — нібыта для абароны ад пагрозаў з боку Ўкраіны. Усходняя частка новага абʼекту на дзяржаўных кадастравых мапах Беларусі пазначана як «вайсковае мястэчка», а заходняя — як «вучэбна-тактычнае поле».

У чэрвені 2026 году СМІ паведамілі пра завяршэньне будаўніцтва часткі аб’ектаў новага вайсковага мястэчка. Цяпер будуюць чыгуначныя каляіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Беларусь адбудоўвала вайсковыя базы пасьля 2022 году і чым гэта пагражае суседзям. ФОТА

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналісты Радыё Свабода і «Схемы» стварылі інтэрактыўную мапу вайсковай інфраструктуры Беларусі